Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ аб рамеснай дзейнасьці. Што мяняецца для рамесьнікаў Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Кірмаш рамесьнікаў падчас Славянскага базару ў Віцебску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Кірмаш рамесьнікаў падчас Славянскага базару ў Віцебску

Аляксандар Лукашэнка 21 жніўня падпісаў указ «Аб ажыцьцяўленьні фізычнымі асобамі рамеснай дзейнасьці».

Указам Савету міністраў даручана да 1 верасьня вызначыць пералік відаў рамеснай дзейнасьці, зь 1 кастрычніка рэгістраваць фізычных асобаў у якасьці рамесьнікаў будуць на падставе гэтага сьпісу.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, у гэты пералік, у прыватнасьці, плянуюць уключыць кавальскую справу, мастацкую апрацоўку і росьпіс вырабаў з дрэва, камня, керамікі, выраб пражы, а таксама асобныя традыцыйныя нацыянальныя віды рамёстваў. Адначасова ў мэтах адраджэньня ўнікальных рамёстваў мясцовыя органы ўлады надзялілі правам вызначаць дадатковыя віды такой дзейнасьці на сваёй тэрыторыі.

Дакумэнт уводзіць забарону на выкарыстаньне ў рамеснай дзейнасьці прамысловых машын і абсталяваньня.

У залежнасьці ад рэжыму падаткаабкладаньня рамесьнікі могуць працаваць пасьля выплаты рамеснага збору ці падатку на прафэсійны даход. Пры гэтым удакладняецца, што мясцовыя органы могуць дазволіць рамесьніку працаваць пры аплаце рамеснага збору ў выпадках:

  • наяўнасьці статусу народнага майстра,
  • сяброўства ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасьці,
  • працы на пасадзе майстра народных промыслаў (рамёстваў),
  • атрыманьні пэнсіі па ўзросту або за выслугу гадоў,
  • інваліднасьці I або ІІ групы,
  • пражываньні ў маланаселеным пункце (да 50 чалавек).

У астатніх выпадках рамесьнікі будуць плаціць падатак на прафэсійны даход.

Пры гэтым уключэньне чалавека ў «сьпісы арганізацый, фармаваньняў, ІП і грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, можа стаць падставай для адмовы рамесьніку ў дазволе працаваць пры аплаце рамеснага збору.

Каб пачаць ажыцьцяўляць рамесную дзейнасьць, трэба спачатку стаць на ўлік у падатковыя органы, і пасьля дачакацца атрыманьня апавяшчэньня праз мабільную праграму «Падатак на прафэсійны даход» пры аплаце такога падатку або адміністрацыйнага рашэньня мясцовых органаў улады пры выплаце рамеснага збору.

Таксама ўказам рамесьнікам дазволілі прадаваць свае вырабы на арандаваных плошчах у гандлёвых і іншых аб'ектах, гандлёвых цэнтрах, у інтэрнэце, а таксама праз юрыдычныя асобы і ІП паводле грамадзянска-прававых дамоваў.

19 жніўня міністар эканомікі Беларусі Юры Чабатар паведаміў, што новы пералік відаў дзейнасьці для рамесьнікаў Беларусі, які павінны вызначыць бліжэйшым часам, стане меншы ў параўнаньні зь цяперашнім, бо захаваць плянуюць «выключна самабытныя віды дзейнасьці».

«Тыя віды, якія папулярныя і разьвітыя, напрыклад выраб рэчаў з эпаксыднай смалы, гіпсу, варэньне мыла... Тут няма нашай беларускай самабытнасьці. Значыць, такія віды дзейнасьці з гэтага пераліку сыдуць», — сказаў міністар.

Паводле яго, для такіх «унікальных рамесьнікаў» прадугледжаны спэцыяльны збор — 6,5 рубля ў месяц. Тыя віды рамеснай дзейнасьці, якія ня трапяць у новы пералік, паводле міністра, можна будзе ажыцьцяўляць, напрыклад, у якасьці самазанятых з выплатай падатку на прафэсійны даход — 10% ад даходаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG