61-я зьнішчальная авіяцыйная база Баранавічаў «у мэтах узмацненьня дзяржаўнай мяжы Беларусі» пачала падрыхтоўку авіяцыйнай тэхнікі для перабазаваньня на апэратыўны аэрадром Паўднёвага апэрацыйнага напрамку, паведамляе газэта «Наш край».
«Першай на апэратыўны аэрадром накіруецца перадавая каманда, якая падрыхтуе месцы для прыёму і разьмяшчэньня авіяцыйнай тэхнікі. Потым перабазуюцца лётны і паветраны эшалёны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аналягічнае паведамленьне апублікаваў 21 жніўня тэлеграм-канал «Истребитель», які зьвязваюць з 61-й авіябазай.
На які менавіта аэрадром перабазуюць баранавіцкую авіябазу, не паведамляецца. Найбліжэйшыя да мяжы аэрадромы — у Лунінцы і пад Гомлем.
- 10 жніўня Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы дронамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы Беларусі адведзеныя ў ліпені войскі. Гэта адбылося падчас наступальнай апэрацыі ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласьці РФ.
- Пазьней у інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму тэлеканалу «Россия» Лукашэнка заявіў, што на мяжы з Украінай знаходзіцца ледзь не траціна беларускага войска і што Беларусь гатовая даць адпор у выпадку «нападу з заходняга кірунку».
- Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны пакуль не фіксуе павелічэньня колькасьці тэхнікі ці асабовага складу беларускіх войскаў ля мяжы з Украінай, заявіў сьпікер ДПСУ палкоўнік Андрэй Дземчанка.
Форум