Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Старых Дарогах 10-гадовую дзяўчынку шпіталізавалі з дыягназам ротавірус. Праз 5 гадзін яна памерла


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Старых Дарогах у бальніцы памерла 10-гадовая дзяўчынка. Яе шпіталізавалі ў здавальняючым стане па накіраваньні лекара-пэдыятра, але праз тры гадзіны стан дзяўчынкі рэзка пагоршыўся, паведамляе БЕЛТА.

Дзяўчынка памерла 20 жніўня каля 23.00 у Старадароскай цэнтральнай раённай бальніцы.

«Дзіця паступіла на стацыянарнае лекаваньне а шостай гадзіне вечара гэтага ж дня ў здавальняючым стане паводле накіраваньня лекара-пэдыятра. А дзявятай гадзіне вечара ёй рэзка стала дрэнна», — расказалі ў галоўным упраўленьні па ахове здароўя Менскага аблвыканкаму.

Для наданьня мэдычнай дапамогі выклікалі лекараў-спэцыялістаў, якія змагаліся за жыцьцё дзяўчынкі на працягу дзьвюх гадзінаў. Таксама дадаткова выклікалі спэцыялізаваную выязную рэанімацыйную брыгаду. Нягледзячы на гэта, выратаваць дзіця не ўдалося.

Цяпер працуе камісія Міністэрства аховы здароўя і галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Менскага аблвыканкаму, яна мае ацаніць усе этапы наданьня дзіцяці мэдычнай дапамогі.

Парталу Onliner удалося высьветліць падрабязнасьці трагедыі. Як расказаў дзядзька дзяўчынкі, праблемы са здароўем у яе пачаліся яшчэ ў нядзелю, 18 жніўня.

«Пляменьніца прачнулася і паскардзілася на дрэннае самаадчуваньне: яе ванітавала, балела галава. Таксама была скажоная гаворка — як звычайна бывае пры інсульце. Яны зьвярнуліся ў прыёмнае аддзяленьне раённай бальніцы, сястра папрасіла даць накіраваньне на КТ або МРТ», — падзяліўся Сяргей.

Паводле яго, дзяжурны лекар выказаў здагадку пра наяўнасьць ротавірусу, бо інсульту ў дзіцяці быць ня можа. Маці прапанавалі шпіталізацыю, але яна напісала «адмоўную». Ужо ў аўторак дзяўчынцы зноў стала блага. А шостай вечара яе ўсё ж паклалі ў шпіталь з дыягназам «ротавірус».

«А 21-й гадзіне сястра яе наведвала, усё было нармальна. У 23:45 патэлефанавалі, сказалі, што памерла. Спачатку казалі, што яна захлынулася ванітавымі масамі, потым — што спынілася сэрца», — расказаў Сяргей.

Сваякі таксама чакаюць дакладных прычынаў сьмерці. Вынікі экспэртызы павінны зьявіцца 22 жніўня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG