Дата дня
22 жніўня 1861 году нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, актор, рэжысэр, пачынальнік беларускага нацыянальнага тэатру.
Яго яшчэ пры жыцьці называлі бацькам беларускага тэатру. У 1910–1911 гадах трупа Буйніцкага зьдзейсьніла трыюмфальныя гастролі па Беларусі, выступіўшы з паказамі ў Дзісьне, Сьвянцянах, Паставах, Полацку, Нясьвіжы, Слуцку... У Менску, дзе тэатар ставіў «Моднага шляхцюка» Каруся Каганца і «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага, артыстаў засыпалі ружамі. Пасьля спэктакляў Буйніцкага ў Пецярбургу й Варшаве газэты пісалі пра «калясальны посьпех» тэатру, што «будзіць у беларусаў пачуцьцё нацыянальнай годнасьці».
Улады зрабілі свае высновы: рэжысэра і яго артыстаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць. Уціск і матэрыяльныя праблемы змусілі зачыніць тэатар, але не разлучылі з мастацтвам. Паводле згадкі аднаго з удзельнікаў трупы, Ігнат Буйніцкі памёр на сцэне падчас рэпэтыцыі.
«Некалі, — пісала ў тыя часы „Наша Ніва“, — калі прабудзіцца сьвядомасьць ува ўсяго беларускага народу, памяць Буйніцкага будзе сьвятой для ўсіх».
Таксама ў гэты дзень
1456 — прынцам Валахіі стаў Улад Дракула, вядомы па легендах пра вампіраў.
1485 — скончылася вайна Пунсовай і Белай ружаў (сэрыя збройных дынастычных канфліктаў за пасад Ангельшчыны), у бітве пры Босварце загінуў Рычард III, кароль ангельскі.
1864 — падпісаная Першая Жэнэўская канвэнцыя, створанае таварыства Чырвонага крыжа.
1941 — Другая сусьветная вайна: пачатак блякады Ленінграду.
1989 — Літва абвясьціла незаконнай анэксію краіны Савецкім Саюзам.
1991 — пасьля правалу спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў, часова адхілены ад кіраваньня, вярнуўся ў Маскву; змоўшчыкаў арыштавалі.
1991 — бела-сіне-чырвоны сьцяг абвешчаны дзяржаўным сьцягам Расеі.
2015 — выйшаў на волю Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень, арыштаваны пасьля выбараў 2010 году.
У гэты дзень нарадзіліся
1862 — Клёд Дэбюсі, францускі кампазытар.
1898 — Генрык Лаўмянскі, гісторык.
1902 — Лені Рыфэншталь, нямецкая кінарэжысэрка.
1904 — Дэн Сяопін, кіраўнік КНР з 1976 году па сярэдзіну 90-х.
1920 — Рэй Брэдбэры, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст.
У памяці
1898 — Альгерд Абуховіч, беларускі паэт, перакладчык.
1922 — Майкл Колінз, ірляндзкі палітык, змагар за незалежнасьць.
1978 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.
1988 — Віталь Вольскі, беларускі празаік, драматург, літаратуразнавец, краязнавец, палітычны дзяяч.
2020 — Мікіта Крыўцоў, актыўны ўдзельнік пратэстаў пасьля выбараў 2020 году, знойдзены павешаным у Менску.