Прэзыдэнт Байдэн ухваліў у сакавіку строга засакрэчаны стратэгічны ядзерны план для Злучаных Штатаў. Пра гэта ў аўторак паведаміла амэрыканскае выданьне «Нью-Ёрк таймс».
Калі ў ранейшыя часы палітыка стрымліваньня была накіравана галоўным чынам на СССР, то цяпер новы стратэгічны ядзерны план ЗША пераарыентуе ўвагу на Кітай, які хутчэй за іншыя дзяржавы пашырае свой ядзерны арсэнал.
У Пэнтагоне лічаць, што арсэнал Кітая будзе на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя супернічаць у памеры і разнастайнасьці з запасамі Злучаных Штатаў і Расеі.
Белы дом раней не аб’яўляў, што Байдэн ухваліў перагледжаную стратэгію, названую «Кіраўніцтвам у ядзерным прымяненьні» («Nuclear Employment Guidance»), якая таксама ўпершыню накіраваная на падрыхтоўку Злучаных Штатаў да магчымых скаардынаваных ядзерных выклікаў з боку Кітая, Расеі і Паўночнай Карэі.
Дакумэнт, які абнаўляецца прыкладна кожныя чатыры гады, настолькі строга засакрэчаны, што ў яго няма электронных копій, толькі невялікая колькасьць друкаваных копій, распаўсюджаных сярод некалькіх службовых асоб ва ўстановах нацыянальнай бясьпекі, у тым ліку Пэнтагоне.
Раней імавернасьць таго, што амэрыканскія супернікі маглі б каардынаваць ядзерныя пагрозы, каб абхітрыць амэрыканскі ядзерны арсэнал, здавалася малаверагоднай. Але партнэрства паміж Расеяй і Кітаем, якое фармуецца, а таксама звычайныя ўзбраеньні, якія Паўночная Карэя і Іран пастаўляюць Расеі для вайны ва Ўкраіне, у корані зьмянілі мысленьне Вашынгтона, адзначае «Нью-Ёрк таймс».
Новы дакумент зьяўляецца суровым напамінам аб тым, што той, хто будзе прыведзены да прысягі 20 студзеня, сутыкнецца са зьмененым і значна больш нестабільным ядзерным ляндшафтам, чым той, які існаваў усяго тры гады таму. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова пагражаў ужываньнем ядзернай зброі супраць Украіны, у тым ліку падчас крызісу ў кастрычніку 2022 году, калі Байдэн і ягоныя памагатыя, вывучаючы перахопленыя гутаркі паміж вышэйшымі расейскімі камандзірамі, асьцерагаліся, што верагоднасьць ужываньня ядзернай зброі можа ўзрасьці да 50 працэнтаў ці нават вышэй.
Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп упэўнена прадказваў, што паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын адмовіцца ад сваёй ядзернай зброі. Аднак адбылося адваротнае. Кім падвоіў стаўку, і цяпер мае больш за 60 адзінак зброі і паліва для яшчэ большай колькасьці ракет.
Пашыраны арсэнал Паўночнай Карэі хутка набліжаецца да памераў арсэналаў Пакістана і Ізраіля, і ён дастаткова вялікі, каб тэарэтычна каардынаваць пагрозы з Масквой і Пэкінам, адзначае выданьне «Нью-Ёрк таймс».
Геапалітычная тэорыя стрымліваньня, распрацаваная амэрыканскім дыпляматам Джорджам Кенанам у 1940-х гадах, непарыўна зьвязаная з канцэпцыяй узаемнага гарантаванага зьнішчэньня. Яна забясьпечвае падтрыманьне міру на аснове разуменьня ўсімі дзяржавамі непазбежнасьці татальнай адплаты суперніка ў выпадку нанясеньня па ім першага ўдару. Тэорыя стрымліваньня легла ў аснову савецка-амэрыканскіх адносін і сусьветнай палітыкі ў другой палове XX стагодзьдзя.
Чакаецца, што несакрэтнае апавяшчэньне аб пераглядзе стратэгіі будзе накіравана на зацьвярджэньне ў Кангрэс да заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Байдэна, зазначае агенцтва Reuters.
Форум