Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўладам пляваць на магчымае зьнікненьне «адзеньня для бедных»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз забараніў вывозіць у Беларусь ужываную вопратку, а Беллегпрам і рады — ён з канкурэнцыяй у выглядзе сэкандаў змагаўся даўно і нарэшце атрымаў, што хацеў. А тое, што шмат хто дзякуючы сэкандам літаральна выжывае, прадказальна не хвалюе ні Беллегпрам, ні чыноўнікаў у Беларусі.

Я ня буду ацэньваць эфэктыўнасьць і этычнасьць саміх санкцый, бо, зрэшты, абавязкі перад грамадзянамі і грамадзянкамі Беларусі мае не ЭЗ, а ўлады Беларусі, і пытаньні варта задаваць менавіта апошнім. А яны ахвотна расказваюць пра сваё стаўленьне да новаўвядзеньняў і, здаецца, нават не спрабуюць выказаць заклапочанасьць. Яно і ясна: іх асабіста новыя забароны ніяк не закрануць, а на так званых простых людзей ім пляваць. Узгадваецца стары анэкдот: «Тата, гэта значыць, што ты будзеш менш піць? — Не, сынку, гэта значыць, што ты будзеш менш есьці».

Прапагандысты паказалі прадавачку аднаго з сэкандаў, якая сказала, што новыя правілы калі па кім і ўдараць, дык па ўразьлівых групах. І гэта праўда. А яшчэ гэта катастрофа, якую ўладам трэба б неяк вырашаць, бо, як прызнаюць ужо іншыя прапагандысты, каля 35–40% вопраткі, што прадаецца ў Беларусі, — гэта вопратка з тых самых сэкандаў.

Хто часьцей яе набывае? Відавочна, жанчыны, і вось чаму. Па-першае, нікуды ня зьнік гендэрны разрыў у заробках — напрыклад, у 2021 годзе сярэдні заробак жанчын складаў 72% ад заробку мужчын. Па-другое, большасьць так званых няпоўных сем’яў складаецца з маці і дзяцей. Так, паводле перапісу насельніцтва ў 2019 годзе, у Беларусі было 505,5 тысячы мамаў, якія самастойна гадавалі дзяцей, і 102,7 тысячы такіх жа татаў. Атрымліваецца, што ў жанчын адначасова і ніжэйшы заробак, і больш неабходных мінімальных трат. З алімэнтамі таксама ўсё складана — у адным толькі Менску і толькі ў першы квартал 2024 году распачалі 12950 выканаўчых вытворчасьцяў празь іх нясплату.

Так што і праўда новыя правілы ўдараць па ўразьлівых групах, і менавіта — па жанчынах. Спадзявацца на тое, што дзяржава нешта будзе з гэтым рабіць, не выпадае — намесьнік міністра эканомікі Андрэй Картун ужо кажа, што рынак зарыентуецца, падстроіцца, і ўсё будзе добра. Не зусім ясна, на чым заснаваны ягоны аптымізм, і тым больш няясна, што рабіць у пэрыяд адаптацыі, нават калі з часам рынак і праўда неяк падладзіцца пад новыя рэаліі і замест ужываных рэчаў з краін ЭЗ і Вялікай Брытаніі ў Беларусь павязуць старую вопратку з Расеі, Казахстану, Кітаю і Ірану. І калі дарослыя могуць насіць адно і тое ж гадамі, нават калі нешта выйшла з моды, дык зь дзецьмі ўсё інакш — яны растуць і патрабуюць вопратку новага памеру незалежна ад таго, адаптаваўся беларускі рынак ці не.

А для Беллегпраму ў мяне таксама нядобрыя навіны — грошы ў людзей ня зьявяцца ад таго, што сэканды забаранілі. І людзі не пабягуць набываць вашыя тавары ў небывалых аб’ёмах. Я разумею, што часам прыемна ад таго, што суседзкая карова здохла, але вам гэта не дапаможа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG