У судзе Ваўкавыскага раёну 24 чэрвеня адбыўся суд над палітзьняволеным Аляксандрам Францкевічам, асуджаным на 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі строгага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі). Судзьдзя Мікалай Сяргейка прызначыў палітвязьню яшчэ адзін год пазбаўленьня волі. Да апэляцыі Аляксандра ўтрымліваюць у СІЗА № 6.
Аляксандар Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня».
Палітвязьня прызналі вінаватым паводле шэрагу цяжкіх крымінальных артыкулаў і ў верасьні 2022 году прысудзілі яму 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў).
28 лютага 2023 году ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апэляцыйных скаргаў па гэтай справе. Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін Францкевіча на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зьняволеньня Аляксандра — 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Адбываць тэрмін палітвязьня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калёнію № 5, але пазьней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, зь верасьня 2023 году Аляксандра зьмясьцілі на паўгода ў памяшканьне камэрнага тыпу, а таксама неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.
19 ліпеня стала вядома пра затрыманьне маці палітвязьня Тацяны Францкевіч. Яе абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у віцебскім СІЗА-2.
Форум