Сям’я расказала, што Марыя Браньяс Марэра «памерла так, як хацела — у сьне, мірна і бяз болю». Апошнія два дзесяцігодзьдзі яна жыла ў пансіёне для састарэлых на паўночным усходзе Гішпаніі.
Родныя расказваюць, што напярэдадні яна адчула слабасьць і сказала ім: «Час набліжаецца. Ня плачце па мне, я не люблю сьлёз, і не пакутуйце. Куды б я ні трапіла, я буду шчасьлівая».
Марыя Браньяс Марэра нарадзілася ў 1907 годзе ў Сан-Францыска, неўзабаве яе сям’я пераехала ў Гішпанію.
За сваё жыцьцё Марэра перажыла пандэмію гішпанскага грыпу (1918–1920), Першую і Другую сусьветныя войны, а таксама грамадзянскую вайну ў Гішпаніі 1936–1939 гадоў. Яна ажанілася зь лекарам і ў гады грамадзянскай вайны разам зь ім працавала ў палявым шпіталі.
Мяркуецца, што Марэра — адзін з самых старых людзей, якія вылечыліся ад Covid-19, бо ў траўні 2020 году ў яе выявілі каранавірус, але яна пераадолела хваробу без шпіталізацыі.
У яе было трое дзяцей, адзінаццаць унукаў і трынаццаць праўнукаў. Да канца жыцьця яна захоўвала ясны розум.
Раней Марэра казала для Кнігі рэкордаў Гінэса, што пражыла такое доўгае жыцьцё дзякуючы «парадку, спакою, добрым адносінам зь сям'ёй і сябрамі, кантакту з прыродай, эмацыйнай стабільнасьці, адсутнасьці трывог, адсутнасьці шкадаваньняў, вялікай пазытыўнасьці і пазьбяганьню таксычных людзей», піша CNN.
«Я думаю, што даўгалецьце таксама залежыць ад удачы. Удачы і добрай генэтыкі», — казала яна.
Пасьля сьмерці Марэры найстарэйшым чалавекам на плянэце стала японка Томіка Ітаока, якой цяпер 116 гадоў.
Тытул найстарэйшага чалавека сьвету з калі-небудзь зафіксаваных належыць Жаньне Люізе Кальман. Яна нарадзілася 21 лютага 1875 году і пражыла 122 гады і 164 дні, паведамляе Кніга рэкордаў Гінэса.
Форум