Дзяржсакратар ЗША расказаў пра згоду Ізраілю падтрымаць новую прапанову аб спыненьні агню ў Газе, выступаючы перад журналістамі ў Тэль-Авіве пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу 19 жніўня, перадае агенцтва АР.
Энтані Блінкен заявіў, што Ізраіль прыняў прапанову аб пераадоленьні рознагалосьсяў, якія стрымліваюць спыненьне агню і вызваленьне закладнікаў у сэктары Газа, і заклікаў ХАМАС зрабіць тое ж самае, не сказаўшы, ці былі разгледжаныя асьцярогі, выказаныя групоўкай баевікоў.
«Наступны важны крок — каб ХАМАС сказаў „так“», — дадаў Блінкен.
Расказваючы пра перамовы з Нэтаньягу, Блінкен дадаў, што нават калі ХАМАС прыме прапанову, перамоўнікі правядуць наступныя дні, працуючы над «дакладным разуменьнем рэалізацыі пагадненьня». Ён сказаў, што ўсё яшчэ ёсьць «складаныя пытаньні», якія патрабуюць «жорсткіх рашэньняў лідэраў», не ўдаючыся ў падрабязнасьці.
Перамовы паміж Ізраілем і ХАМАС пры пасярэдніцтве ЗША, Эгіпта і Катару беспасьпяхова ідуць ужо некалькі месяцаў. Некалькі дзён таму Злучаныя Штаты вынесьлі новую прапанову, якая павінна палагодзіць супярэчнасьці паміж удзельнікамі канфлікту, замарозіць баявыя дзеяньні і вызваліць закладнікаў.
Перамовы набылі актуальнасьць у апошнія дні, паколькі дыпляматы спадзяюцца, што пагадненьне ўтрымае Іран і лібанскую «Хэзбалу» ад помсты за забойства двух галоўных баевікоў, у якім абвінавацілі Ізраіль. Эскаляцыя напружанасьці выклікала асьцярогі наконт магчымасьці яшчэ больш разбуральнай рэгіянальнай вайны.
Блінкен выступіў перад журналістамі пасьля 2,5-гадзіннай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу. Неўзабаве дзяржсакратар ЗША адправіцца ў Эгіпэт і Катар для далейшых перамоваў. Тры пасярэднікі патрацілі месяцы, спрабуючы пакласьці канец вайне ў сэктары Газа, і перамовы стала заходзілі ў тупік.
- Дзявятая місія Блінкена на Блізкі Ўсход з пачатку канфлікту адбылася празь некалькі дзён пасьля таго, як пасярэднікі, у тым ліку ЗША, выказалі аптымізм наконт таго, што пагадненьне ўжо блізкае. ХАМАС выказаў глыбокую незадаволенасьць апошняй прапановай, а Ізраіль заявіў, што ёсьць пункты, у якіх ён не жадае ісьці на кампраміс.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум