Раніцай 19 жніўня ў чэргах на мяжы з краінамі Эўразьвязу стаяла 585 легкавых аўтамабляў. 15 жніўня, за дзень да ўвядзеньня абмежаваньняў на ўезд у Літву машын зь беларускай рэгістрацыяй, на мяжы з краінамі Эўразьвязу стаялі 1070 легкавых аўтамабіляў, у тым ліку 610 — на мяжы зь Літвой.
Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на 10:00 19 жніўня ў чэргах стаялі:
- 500 легкавых аўтамабіляў у пункце пропуску Берасьце / Тарэспаль (Польшча). 15 жніўня было 450 машын,
- 60 — Каменны Лог / Меднікі (Літва). 15 жніўня было 380 машын,
- 25 — Беняконі / Салечнікі (Літва). 15 жніўня было 230 аўтамабіляў.
У кірунку Латвіі няма ніводнага аўтамабіля. 15 жніўня ў чарзе на пункце пропуску Грыгораўшчына / Патэрніекі (Латвія) стаялі 10 машын.
Колькасьць грузавых аўтамабіляў склала 2170, зь іх:
- 770 фураў на памежным пераходзе Беняконі / Салечнікі (Літва),
- 610 — на памежным пераходзе Каменны Лог / Меднікі (Літва),
- 690 — у пункце пропуску Грыгораўшчына / Патэрніекі (Латвія).
Абсалютны рэкорд зафіксаваны 22 сакавіка: у чарзе на выезд зь Беларусі ў ЭЗ стаяла 3690 фураў.
У чарзе на выезд у Польшчу стаяла 80 аўтобусаў. На іншых кірунках аўтобусаў у чэргах не было.
Чэргі на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу ўтварыліся, бо ўрады Польшчы, Латвіі і Літвы закрылі большасьць памежных пераходаў. Адбылося гэта пасьля шматлікіх нелегальных пераходаў мяжы зь беларускай тэрыторыі. Наступствы мігранцкага ціску з боку ўладаў Беларусі, а таксама іх саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, сталі прычынай закрыцьця памежных пунктаў.
Літва з 16 жніўня цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй. Але ўжо з 17 жніўня абвясьціла аб вынятках з гэтых правілаў.
У прыватнасьці, дазволілі ўвозіць на тэрыторыю Літвы легкавы аўтамабіль, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі зь дзейнай візай або з дазволам на часовае ці сталае жыхарства ў Літве, якія дазваляюць уезд у Эўразьвяз, і які, накіроўваючыся ў Эўразьвяз, кіруе гэтым транспартным сродкам толькі ў мэтах асабістага выкарыстаньня (вынятак не распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах.
Апроч таго, забарона не распаўсюджвацца на аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, якія не прызначаны для продажу, належаць грамадзянам краін Эўразьвязу, калі яны рэзыдэнты Беларусі, і ўвозяцца ў асабістых, а не ў камэрцыйных мэтах. Такі аўтамабіль будуць упускаць на тэрыторыю Літвы толькі ў выпадку, калі ім кіруе уласьнік.
Форум