Пра гэта інфармуе агенцтва «Позірк».
Аўтары звароту вітаюць «працяг вызваленьня палітвязьняў»:
«Жыцьцё і свабода кожнага грамадзяніна Беларусі зьяўляюцца безумоўнай каштоўнасьцю. Вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў — ключавы прыярытэт у дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якая імкнецца да дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека».
Сваякі палітвязьняў заклікаюць адрасатаў
«задзейнічаць любыя існуючыя палітычныя, прававыя, эканамічныя, дыпляматычныя мэханізмы і асабістыя кантакты для паскарэньня працэсу вызваленьня палітзьняволеных і спыненьня рэпрэсій у Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня падпісаў указ аб памілаваньні 30 асоб, асуджаных за злачынствы «пратэстнай накіраванасьці». Сярод памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, «некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні», «ёсьць асобы пэнсійнага веку».
За апошнія два тыдні на волю выйшла не менш за 12 палітвязьняў, паведамляў праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY. TEAM. Праваабаронцы не выключалі, што вызваленьне адбылося ў межах «другой хвалі амністыі».
Як паведамлялася 12 жніўня, прапагандыст Юры Васкрасенскі тэлефанаваў сваякам палітвязьняў, каб «прымусіць пісаць прашэньні аб памілаваньні» на імя Лукашэнкі.
Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязьняў агітавалі прасіць аб памілаваньні «ў месцах пазбаўленьня волі па ўсёй краіне».
У пачатку ліпеня праваабаронцы паведамлялі аб выхадзе 18 палітвязьняў, якое адбылося пасьля заявы Лукашэнкі аб вызваленьні «вельмі цяжкахворых» апанэнтаў. Адразу стала вядома, што адзін зь іх — асуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, імёны астатніх не называліся.
Пасьля зьявілася інфармацыя аб выхадзе на волю Дар’і Лосік, Тамары Астрэйкі, Святланы Лупач, Кацярыны Мадзянковай і Паліны Палавінкі. Усе жанчыны ўтрымліваліся ў папраўчай калёніі № 4 у Гомелі.
- Беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якія павінныя быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абодва бацькі.
- На 17 жніўня праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 1.378 чалавек. У рэальнасьці іх можа быць значна болей.
Форум