Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне поўнага закрыцьця мяжы залежыць ад жаданьня Беларусі супрацоўнічаць, — кіраўнік МУС Польшчы


Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк, архіўнае фота
Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк, архіўнае фота

Пытаньне поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю «тычыцца двухбаковых адносінаў паміж краінамі», польскі бок чакае ад Менску супрацоўніцтва па раней агучаных патрабаваньнях: спыненьне міграцыйнага крызісу, вызваленьне Анджэя Пачобута і выдача забойцы польскага вайскоўца на мяжы, заявіў у этэры «Radio ZET» міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк, піша «Позірк».

«У нас ніколі не было і няма сумневаў у тым, што тое, што адбываецца на мяжы, — гібрыдная атака. Гэта не ўцекачы зь Беларусі [спрабуюць перайсьці мяжу], а людзі, якія прылятаюць самалётамі ў Маскву і Менск і пры падтрымцы спэцслужбаў зьяўляюцца на мяжы», — нагадаў Семаняк.

У той жа час ён адзначыў, што ў Польшчы зь ліпеня «назіраюць новую рыторыку Лукашэнкі ў дачыненьні да Польшчы, ёсьць скарачэньне спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы».

«Мы лічым, што ёсьць падставы для таго, каб самыя складаныя праблемы былі вырашаныя. Аднак зразумела, што гэтыя перамовы павінны весьціся ва ўмовах канфідэнцыйнасьці, каб быць эфэктыўнымі. Менавіта ў гэтым напрамку мы і будзем рухацца», — падкрэсьліў міністар, адзначыўшы, што Польшча будзе дзейнічаць у сваіх інтарэсах, а рэакцыя беларускага боку будзе залежаць, сярод іншага, ад таго, «наколькі свабодная Беларусь у адносінах да Расеі».

  • З пачатку 2024 году па 11 жніўня колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы краінаў Эўразьвязу з тэрыторыі Беларусі па-за пунктамі пропуску дасягнула 26 383 — на 1,6% больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (25 959), прычым на долю Польшчы прыпала 22 202 спробы (+18% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась — 18 817), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак памежных службаў Польшчы, Літвы і Латвіі.
  • 23 ліпеня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк заявіў, што колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю пасьля пачатку дзеяньня буфэрнай зоны скарацілася больш чым на 70%.
  • Польшча закрыла першыя тры пункты пропуску зь Беларусьсю яшчэ ўвосень 2021 году на фоне міграцыйнага крызісу, які разьвязалі беларускія ўлады. А з 10 лютага 2023 году перастаў працаваць КПП Баброўнікі/Бераставіца, які лічыўся адным з найбуйнейшых прапускных пунктаў на мяжы зь Беларусьсю — тады міністар унутраных спраў Польшчы заявіў, што пераход «Баброўнікі» закрыюць да вызваленьня з турмы журналіста, прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута.
  • 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю быў паранены польскі вайсковец 1-й танкавай брыгады Матэвуш Сітэк. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. 6 чэрвеня ён памёр у шпіталі. У канцы ліпеня польскія службы заявілі, што ідэнтыфікавалі і вышукваюць чалавека, які забіў 21-гадовага польскага вайскоўца, і што той усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі.
  • 17 ліпеня Томаш Семаняк заявіў, што, «калі Беларусь вызваліць Анджэя Пачобута, пачне супрацоўнічаць з Польшчай па пытаньні забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка і перастане садзейнічаць ціску на мяжы, дык, несумненна, зьявяцца сыгналы, якія дазволяць больш прагматычна выбудоўваць адносіны з польскім бокам». Днём пазьней аналягічныя ўмовы разрадкі двухбаковых адносінаў назвала МЗС Польшчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG