Дата дня
15 жніўня 1972 году ў цэнтры Менску пры нявысьветленых абставінах ударам нажа быў забіты Лявон Баразна, беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дасьледчык культуры, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–70-х гадоў.
Ён стварыў шэраг альбомаў, прысьвечаных народнаму адзеньню і беларускім арнамэнтам, і, па сутнасьці, заснаваў школу нацыянальнага сцэнічнага касьцюму і «апрануў» дзясяткі фальклёрных ансамбляў. Ягоная кніга «Гравюры Францыска Скарыны» стала надзвычай важкім унёскам у «скарыніяну». Баразна не дачакаўся выхаду кнігі ўсяго некалькі дзён, нясшытыя аркушы манаграфіі паклалі яму ў труну.
Менавіта Лявон Баразна разам зь Зянонам Пазьняком распачаў змаганьне з заплянаваным уладамі зьнішчэньнем старажытнай менскай вуліцы Нямігі. Артыкул у яе абарону сябрам удалося надрукаваць у галоўнай савецкай газэце «Правда».
Гэты дзень у гісторыі
1068 — быў вызвалены полацкі князь Усяслаў, захоплены ў кіеўскі палон. Кіяўляне паўсталі супраць свайго князя Ізяслава, скінулі яго і абралі на ягонае месца Ўсяслава. Палачанін княжыў там 7 месяцаў, але ўрэшце вырашыў вярнуцца дадому, у Полацак.
1812 — у гарадах ВКЛ зь нечуваным размахам сьвяткуюць дзень нараджэньня Напалеона.
1913 — у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Флярыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала.
1921 — у Войску Польскім зьліквідавалі ўсе беларускія адзінкі, распусьцілі Беларускую вайсковую камісію.
1945 — Карэя атрымала незалежнасьць ад Японіі.
1947 — Індыя атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.
1969 — на адной з фэрмаў мястэчка Бэтэл штату Нью-Ёрк пачаўся адзін з самых знакамітых фэстываляў рок-музыкі Вудсток. Яго наведалі каля 500 тысяч чалавек. Фэст стаў сымбалем канца «эры гіпі». На фэстывалі выступілі The Who, Jefferson Airplane, Creedence Clearwater Revival, Grateful Dead і іншыя.
1971 — у Лёндане адкрылася Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны.
1979 — у Менску адкрыўся Музэй старажытнабеларускай культуры.
2020 — у Менску разьвіталіся з Аляксандрам Тарайкоўскім, забітым сілавікамі 10 жніўня. Шматтысячныя мітынгі прайшлі ў Горадні, Гомлі ды іншых гарадах.
У гэты дзень нарадзіліся
1728 — Станіслаў Чарневіч, дзяяч каталіцкага касьцёла. Ягонымі намаганьнямі Таварыства Ісуса (ордэн езуітаў), забароненае папам Рымскім, працягвала дзейнасьць у Расейскай імпэрыі.
1769 — Напалеон Банапарт, францускі імпэратар.
1771 — Вальтэр Скот, ангельскі пісьменьнік.
1780 — Ігнат Анацэвіч, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, дасьледчык гісторыі ВКЛ.
1831 — Вінцэсь Каратынскі, беларускі паэт і журналіст.
1858 — Міхаіл Пліс, праваслаўны сьвятар, прыхільнік беларусізацыі царквы.
1910 — Зыгмунд Глёгер, археоляг, этнограф, гісторык, фальклярыст.
1923 — Шымон Пэрэс, ізраільскі палітык і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, ураджэнец Вішнева на Валожыншчыне.
1927 — Аляксандар Крывіцкі, мовазнавец.
1936 — Барыс Сачанка, беларускі пісьменьнік, перакладчык і выдавец.
1960 — Ігар Варашкевіч, беларускі музыка, лідэр гурту «Крама».
У памяці
1382 — у Крэўскім замку быў задушаны Кейстут, вялікі князь літоўскі.
1721 — Крыштап Станіслаў Завіша, ваявода менскі, пісьменьнік і мэмуарыст. Фундатар капліцы Сьвятога Фэліцыяна ў касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі пры калегіюме езуітаў у Менску, дзе і пахаваны.
1762 — Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, мецэнат.
1985 — Часлаў Будзька, беларускі эміграцыйны дзяяч, гісторык, настаўнік.
1988 — Мікола Дварэцкі, дзяяч беларускай хадэцыі, паэт і празаік.