Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні патлумачылі, чаму прадпрыемствы зь Літвы спрабуюць у абыход санкцый гандляваць зь Беларусьсю і Расеяй


Літоўска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Літоўска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Перад гэтым генэральная пракурорка Літвы Ніда Грунскене заявіла аб павелічэньні колькасьці спробаў абысьці санкцыі супраць Беларусі і Расеі.

Віцэ-сьпікер Сейму Літвы Вітаўтас Міталас заявіў, што спэцыялізаваныя органы краіны цалкам кантралююць сытуацыю, зьвязаную з удзелам літоўскіх прадпрыемстваў у абыходзе санкцый і пастаўках прадукцыі ў Расею і Беларусь.

«Мне здаецца, Літва працуе дастаткова ўпэўнена і літоўскія ведамствы працуюць упэўнена. [...] Хоць і ёсьць 10 ці больш такіх прыкладаў, якія варта вырашыць і якія вырашаюць праваахоўныя органы, я б ня стаў агульную сытуацыю апісваць так, нібыта яны не спраўляюцца», — працытавала Вітаўтаса Міталаса выданьне delfi.lt зь ягонага інтэрвію радыёстанцыі Žinių radijas 14 жніўня.

Паводле яго, спробы абысьці санкцыі зьвязаныя з тым, што Літва гістарычна гандлявала на ўсходніх рынках і мае доўгую мяжу з Расеяй і Беларусьсю.

«Ня толькі прыватным, але і дзяржаўным прадпрыемствам давялося за апошнія некалькі гадоў пераарыентоўвацца з усходніх рынкаў на іншыя рынкі, і мы, у прынцыпе, пасьпяхова гэта зрабілі. [...] Сапраўды, аб’ёмы гандлю былі значна большыя, чым тыя, што засталіся», — патлумачыў віцэ-сьпікер.

Што папярэднічала

13 жніўня Служба фінансавых расьсьледаваньняў Літвы паведаміла аб расьсьледаваньні супраць сямі фізычных і чатырох юрыдычных асоб Літвы, якія ў парушэньне міжнародных санкцый працягвалі гандляваць з Расеяй.

Згодна з матэрыяламі дасудовага расьсьледаваньня, кошт паставак ацэньваецца амаль у 1,9 мільёна эўра. Прадукцыю набывалі ў розных краінах Эўразьвязу і адпраўлялі ў Расею. Пры гэтым у мытныя дакумэнты ўпісвалі зусім іншую прадукцыю, а ў якасьці краін-атрымальніц называлі Турэччыну, Казахстан, Узбэкістан і Беларусь.

Для збору дадатковых доказаў у Вільні правялі 18 ператрусаў па месцы пражываньня грамадзян Літвы і ў памяшканьнях юрыдычных асобаў. На час дасудовага расьсьледаваньня ім забаранілі распараджацца сваёй маёмасьцю.

Згодна зь літоўскім заканадаўствам парушэньне міжнародных санкцый караецца штрафам у вялікім памеры або пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

13 жніўня генэральная пракурорка Літвы Ніда Грунскене заявіла аб павелічэньні колькасьці спробаў абысьці санкцыі супраць Беларусі і Расеі.

«Цяпер, калі я не памыляюся, вядзецца каля 50 дасудовых расьсьледаваньняў. Я ведаю, што рашэньні былі ўхваленыя па некаторых зь іх. [...] Гэта сьведчыць, што спробаў абыходу становіцца ўсё больш, і ёсьць складанасьці. Але мы працуем у гэтым кірунку», — сказала Ніда Грунскене журналістам.

Паводле яе, у ліку такіх спраў ёсьць адна, якая тычыцца кантрабанды зброі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG