У Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў Украіны паведамілі аб перадачы 23 тон аўтазапчастак расейскага канцэрну «ГАЗ» на патрэбы Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, аўтазапчасткі коштам 5,7 мільёна грыўняў (прыблізна 136 тысяч даляраў у эквіваленце) сканфіскавалі на мяжы ў жніўні 2023 году.
«Для абыходу санкцыяў прадстаўнікі краіны-агрэсаркі плянавалі паставіць у нашую краіну кантрабандную прадукцыю праз трэція краіны. Тавар спачатку афармляўся на беларускія фірмы-пракладкі, а далей накіроўваўся на адрас эўрапейскіх кампаніяў, якія ўжо нібыта афіцыйна прадавалі прадукцыю ва Ўкраіну», — паведамілі ў Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў Украіны.
Гэтую схему раскрылі ў часе спробы аформіць тавар на Кіеўскай мытні ў жніўні 2023 году. Канцавы атрымальнік сродкаў за пастаўку — камэрцыйная структура, якая карыстаецца «банкаўскім рахункам у краіне-агрэсарцы».
Цяпер сьледчыя праводзяць расьсьледаваньне паводле ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — дапамога краіне-агрэсарцы караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў.
Раней ва Ўкраіне фіксавалі факты пастаўкі беларускіх угнаеньняў і нафтапрадуктаў праз эўрапейскія краіны.
Форум