Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шумілінскім раёне знайшлі ўнікальную паясную накладку вікінгаў


Археалягічныя раскопкі ў Беларусі, архіўнае фота
Археалягічныя раскопкі ў Беларусі, архіўнае фота

Знаходку раскапалі ў часе экспэдыцыі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Экспэдыцыя адправілася ў мястэчка Кардон на Шуміліншчыне і працавала там у другой палове ліпеня – пачатку жніўня. Пра ўнікальную знаходку паведаміў археоляг, кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.

Паводле археоляга, у выніку раскопак выявілі сьляды некалькіх пабудоваў і печаў, а побач з адной з былых пабудоваў знайшлі ўнікальную паясную накладку, якая належыць да скандынаўскіх старажытнасьцяў. Яна выкананая ў «зьвярыным стылі»:

«Дакладна такіх самых накладак беларускія археолягі не знаходзілі, але стылем выкананьня яна блізкая да той, якую мы знайшлі ў часе раскопак у Верхнім замку Полацку ў 2022 годзе», — сказаў Клімаў «СБ».

Гарадзішча Кардон — адно з найбуйнейшых паселішчаў эпохі вікінгаў у Беларусі. Яго росквіт зьвязаны з актыўным выкарыстаньнем у IX – пачатку XI стагодзьдзяў «шляху з варагаў у грэкі». Гэты археалягічны комплекс вывучалі і раней. Цяперашняя экспэдыцыя аднавіла дасьледаваньні, завершаныя ў 2018 годзе.

Мэтай дасьледаваньняў быў пошук жылых дамоў, вытворчых комплексаў і пацьверджаньняў таго, што побач з паселішчам знаходзілася «бухта дракараў» вікінгаў. У пошуках бухты дапамагалі дайвэры клюбу «Марскі Пэгас». Але наўпроставых доказаў не знайшлі, адзначыў Марат Клімаў.

Цяпер вучоным трэба будзе дасьледаваць знаходку і падвесьці вынікі археалягічных раскопак сэзону-2024. Гарадзішча Кардон хавае яшчэ шмат таямніц, таму сюды і надалей будуць накіроўваць экспэдыцыі, адзначыў навуковец.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG