Каля 685 пажарнікаў і 32 падразьдзелы паветраных водных брыгадаў залучаныя ў тушэньне пажару, які пачаўся ў нядзелю каля гораду Варнавас на поўнач ад Атэнаў, паведамілі мясцовыя ўлады.
Паводле міністра кліматычнага крызісу і цывільнай абароны Васіліса Кікіліяса, аварыйныя брыгады тушылі «надзвычай небясьпечны пажар» больш за 20 гадзін у «драматычных умовах», якія пагаршаліся моцным ветрам, працяглай засухай і непраходнай мясцовасьцю ў густым лесе, паведамляе CNN.
Агулам пажарнікі зафіксавалі каля 40 пунктаў загараньня. Пажар працягваецца на тэрыторыі больш як 30 кв. кілямэтраў, інфармуе тэлеканал ERT.
Лясныя пажары таксама пагражаюць памяшканьням Нацыянальнай абсэрваторыі Атэнаў, заснаванай у 1842 годзе, паведаміў у фэйсбуку дасьледнік Тэодарас Янарас.
Нягледзячы на тое, што летам у Грэцыі лясныя пажары звычайная рэч, кліматолягі кажуць, што незвычайна гарачае і сухое надвор’е, зьвязанае з глябальным пацяпленьнем, робіць пажары больш жорсткімі і больш распаўсюджанымі. Гэтым летам улады Грэцыі змагаліся зь дзясяткамі пажараў пасьля гарачых чэрвеня і ліпеня. А летась пажары пагражалі Нацыянальнаму парку, густа засаджанаму дрэвамі.
CNN паведаміў, што нядаўні ўсплёск колькасьці зьніклых людзей у Грэцыі можа быць зьвязаны з моцнай сьпякотай у краіне. У чэрвені некалькі турыстаў зьніклі пасьля прагулкі і пазьней былі знойдзеныя мёртвымі ў розных месцах краіны. Улады папярэджваюць людзей, каб тыя не ігнаравалі ўзьдзеяньня высокіх тэмпэратураў.
Форум