У другім квартале 2024 году сярэдні заробак у кампаніі зь беларускімі каранямі Wargaming Vilnius павялічыўся на 126% у параўнаньні зь першым кварталам 2024 году, заўважыла выданьне Thinktanks.
Асацыяцыя Unicorns Lithuania склала рэйтынг стартапаў паводле падатковых унёскаў і велічыні заробкаў. Як адзначыла гендырэктарка Unicorns Lithuania Гінтары Вербіцкайтэ-Бачулене, у рэйтынгу разглядалі ня толькі маладыя высокатэхналягічныя кампаніі, але і ўжо пасьпяховыя, якія існуюць больш за дзесяць гадоў.
У заробкавым рэйтынгу Wargaming Vilnius заняў першае месца. У другім квартале 2024 году сярэдняя зарплата ў кампаніі склала 11950 эўра, што на 126% больш, чым у першым квартале 2024 году.
Другое месца заняў Payhawk (прапануе плацежнае рашэньне для бізнэсу) з паказчыкам 9570 эўра, трэцяе месца — Cast AI (плятформа кіраваньня воблачнымі выдаткамі) з заробкам у 9290 эўра.
Топ паводле падатковых унёскаў узначаліла кампанія Vinted — маркетплэйс з 65 млн карыстальнікаў, які дазваляе прадаваць і купляць патрыманыя рэчы. У другім квартале 2024 году кампанія заплаціла 12,86 млн эўра падаткаў. Wargaming заняў другое месца з паказчыкам 7,32 млн эўра. На трэцім месцы размясьцілася Nord Security — 6,04 млн эўра.
- Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы. Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў вялікай колькасьці краін і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
- У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офіса ў іншыя краіны.
- Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцэ» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзьвюх краінах і правяла рэбрэндынг лінейкі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.
Форум