Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі наступствы начнога ўдару украінскіх сілаў па расейскім аэрадроме «Ліпецк»


Пажар каля Ліпецкага авіяцэнтру на мапе пажараў сыстэмы NASA FIRMS
Пажар каля Ліпецкага авіяцэнтру на мапе пажараў сыстэмы NASA FIRMS

Спадарожнікавыя здымкі Planet Labs ад 9 жніўня, якія ёсьць у распараджэньні праграмы «Схемы» украінскай службы Радыё Свабода паказваюць наступствы ўдараў украінскіх войскаў па аэрадроме «Ліпецк», што побач з аднайменным горадам у Расеі.

Згодна са здымкамі, шэраг памяшканьняў аэрадрому, якія маглі выкарыстоўвацца ў якасьці складоў, цалкам зьнішчаныя, а ў раёне, імаверна, адбыўся маштабны пажар. На зямлі таксама бачныя два кратэры, якія могуць быць вынікам трапленьня ракетаў або беспілётнікаў, якія выкарыстоўваюцца Ўзброенымі сіламі Ўкраіны (УСУ) для нанясеньня ўдараў.

Як паведамляе Генштаб Украіны, у ноч з 8 на 9 жніўня ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па расейскіх складах зь кіраванымі бомбамі (КАБ) і па шэрагу іншых аб’ектаў у раёне Ліпецкага аэрапорта. У прыватнасьці, зьнішчаная адна радыёлякацыйная станцыя зэнітнага ракетнага комплексу С-350, паведамілі ў генштабе. У ведамстве таксама адзначылі, што ў ваеннай апэрацыі ўдзельнічалі падразьдзяленьні ракетных войскаў, сілаў спэцыяльных апэрацый, Службы бясьпекі Украіны і сілаў беспілётных сыстэмаў УСУ.

Раніцай інфармаваная крыніца Радыё Свабода ў сілавых структурах Украіны паведаміла, што на аэрадроме «Ліпецк» знаходзіцца некалькі дзясяткаў зьнішчальнікаў, верталётаў і складоў, дзе захоўваецца больш за 700 КАБ.

Раней 9 жніўня прадстаўнікі ўладаў Ліпецкай вобласьці РФ заявілі пра атаку бесьпілётнікамі, а Мінабароны Расеі заявіла аб зьбіцьці 19-ці з іх.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Астра», пасьля атакі беспілётніка на аэрадроме пад Ліпецкам загарэўся склад з боепрыпасамі. У абласным упраўленьні МНС пацьвердзілі пажар на ваенным аэрадроме.

Чатыры населеныя пункты, разьмешчаныя побач з аэрадромам, былі эвакуаваныя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG