У Адэсе з траўня 2024 году расьсьледуюць справу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, якія тычацца дзяржаўнай здрады, стварэньня незаконнай ваенізаванай арганізацыі, незаконнага абыходжаньня з зброяй і апраўданьня расейскай агрэсіі.
Як стала вядома Свабодзе з судовых дакумэнтаў, сьледчыя ў часе дасудовага расьсьледаваньня высьветлілі, што ўкраінскі адвакат, ураджэнец Севастопаля, стварыў незаконнае ваенізаванае фармаваньне, якое рыхтавалася да садзейнічаньня Ўзброеным сілам Расеі ў выпадку акупацыі Адэсы.
Сьледчыя ўжо знайшлі доказы датычнасьці да гэтага фармаваньня 23 грамадзян Украіны, Расеі, Кіргізстану, Беларусі, ЗША і Нямеччыны.
Паводле сьледзтва, групоўка пад назвай «ОБП» мела арганізацыйную структуру вайсковага тыпу. У ёй патрабавалі жорсткай дысцыпліны і падпарадкаваньня аднаму чалавеку. У арганізацыі праводзілі лекцыі, заняткі па фізычнай падрыхтоўцы, стральбе і рукапашным баі. У групоўцы дзейнічалі пяць асноўных падразьдзелаў: штурмавая група, снайпэрская група, выведная група, а таксама групы апэратыўнага забесьпячэньня і сувязі.
Бальшыня іншаземных удзельнікаў фармаваньня знаходзіліся ва Ўкраіне нелегальна. Папярэдне высьветлілі, што ў склад фармаваньня ўваходзілі 16 грамадзян Украіны, трое — Расеі і па адным — Беларусі, Кіргізстану, ЗША і Нямеччыны. Усе яны мелі свае пазыўныя.
Вядома, што грамадзянін ЗША родам зь Сімферопалю.
Як стала вядома Свабодзе з адпаведных дакумэнтаў, у фармаваньне, паводле сьледзтва, уваходзіла грамадзянка Беларусі, якая ў ліпені 2023 году нібыта атрымала ва Ўкраіне дазвол на сталае пражываньне. Яе пазыўны — Волха.
У часе ператрусу па месцы пражываньня арганізатара ваенізаванага фармаваньня знайшлі 64 адзінкі агнястрэльнай зброі і вялікую колькасьць боепрыпасаў да яе.
Паводле сьледзтва, групоўка пераехала ў Адэсу ў 2014 годзе пасьля акупацыі Расеяй Крыму. З таго часу ў яе склад пачалі вэрбаваць іншых удзельнікаў і рыхтавацца да падрыўной дзейнасьці супраць Украіны.
Форум