Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, якая структура ў Беларусі больш эфэктыўная за КДБ, Мінабароны і «жорсткую вэртыкаль улады»


 Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з работнікамі МЗКТ, 17 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з работнікамі МЗКТ, 17 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі міністэрстваў унутраных спраў краін Садружнасьці незалежных дзяржаў.

Падчас яе Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што «нашы краіны» (СНД) нейкія неназваныя сілы «намагаюцца пасварыць і раскалоць знутры», выкарыстоўваючы для гэтага палітыку санкцыяў, гібрыдных войнаў і арганізацыі «каляровых рэвалюцыяў».

«Ня стала выняткам і Беларусь, дзе ў 2020 годзе зрабілі спробу мяцяжу і хацелі штурмам перавярнуць краіну. Разьлічвалі, як фашысты, на бліцкрыг. Дзейнічалі па вядомых мэтадычках. Мы тады не дапусьцілі расколу краіны і пачатку ў ёй грамадзянскай вайны», — заявіў Лукашэнка, паведамляецца на ягоным сайце.

Таксама Лукашэнка назваў забесьпячэньне стабільнасьці ўнутры Беларусі галоўнай функцыяй сілавых структур, зь якіх міліцыю ён лічыць найбольш эфэктыўнай.

«Я заўсёды свайму міністру кажу: безь міліцыі мы нічога ня зробім. Ні КДБ, ні Міністэрства абароны, ні вэртыкаль улады, якая ў нас жорсткая, — ніхто нічога ня зробіць безь міліцыі», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Лукашэнка перакананы, што «празь дзейнасьць Захаду, і найперш ЗША, ва Ўкраіне» павялічваюцца пагрозы ўнутранага і зьнешняга тэрарызму, ён заклікаў краіны СНД шчыльней супрацоўнічаць і не аддаляцца ад Расеі.

«Апошнім часам склалася такая сытуацыя і ў сувязі з правядзеньнем спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне, што многія — і кіраўнікі, і сілавікі, чаго быць катэгарычна не павінна, пачалі нейкую для сябе выгаду ў гэтым шукаць. (...) Многія шукаюць выгаду, у тым ліку адыходзячы ад агульнага нашага, створанага ў савецкія часы, трэнду разьвіцьця. Некаторыя [думаюць]: „Далей ад Расеі будзем трымацца, яна пад санкцыямі. Мы неяк баімся трапіць пад іх, і гэтак далей... Шукаем сваю выгаду“. Не рабіце гэтага», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што невядома, «што будзе заўтра з намі, з нашымі дзяржавамі, і ці не давядзецца да той жа Расеі зьвярнуцца па дапамогу».

«А апошнія падзеі кажуць, што нікому мы не патрэбныя. Ні Расея, ні мы з вамі, і гэтак далей. Нам трэба трымацца разам», — перакананы Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG