Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BEROC: Эканоміка пакуль расьце, але ёсьць небясьпека яе перагрэву


Дасьледчы цэнтар BEROC прадставіў вынікі маніторынгу стану нацыянальнай эканомікі.

Асноўныя высновы эканамістаў паводле вынікаў другога кварталу:

  • Працягваецца рост ВУП за кошт росту ўнутранага попыту;
  • Назіраецца дэфіцыт кадраў на рынку працы, у выніку чаго апераджальным тэмпам растуць рэальныя заробкі;
  • Пагаршаецца фінансавае становішча прадпрыемстваў — заробкі растуць хутчэй, чым выручка і прадукцыйнасьць працы;
  • Дасьледаваньні фіксуюць рост спажывецкай упэўненасьці, скарацілася доля тых, хто ацэньвае матэрыяльнае становішча сваёй сям’і як «хутчэй кепскае»;
  • Імклівы рост заробкаў, інфляцыйны навес, пэрспэктыва запавольваньня росту сусьветнай і расейскай эканомік — фактары, якія ў другім паўгодзьдзі могуць прывесьці да запавольваньня росту беларускай эканомікі.

З трэцяга кварталу 2022 году эканоміка Беларусі працягвае расьці.

Паводле ацэнак эканамістаў, галоўны фактар гэтага росту — пашырэньне ўнутранага попыту за кошт імклівага росту заробкаў.

З графіку бачна, што напрыканцы першага кварталу 2024 году сярэдні заробак перавышаў раўнаважны на 8%. Пры гэтым з пачатку году колькасьць вакансіяў перавысіла колькасьць беспрацоўных. «Праблема дэфіцыту кадраў надзвычай вострая», — канстатуюць экспэрты BEROC.

Яны адзначаюць, што дыспрапорцыі ў эканоміцы захоўваюцца: рост заробкаў аслабляе фінансавае становішча прадпрыемстваў. Зьявіліся новыя рызыкі — запавольваньне эканамічнага росту ў РФ, рызыка тармажэньня глябальнага эканамічнага росту, уплыў санкцыяў і пагрозы тэхналягічных збояў. Спалучэньне гэтых фактараў можа прывесьці да запавольваньня росту беларускай эканомікі ў другім паўгодзьдзі.

Аднак пакуль рост заробкаў і эканомікі прывялі да росту спажывецкай упэўненасьці.

Зьменшылася доля тых, хто ацэньвае як «хутчэй кепскае» становішча сваёй сям’і і эканомікі краіны ў цэлым. З канца 2021 году абедзьве долі скараціліся прыкладна ўдвая.

Дадзеныя, прыведзеныя на прэзэнтацыі BEROC, паказваюць шчыльную сувязь паміж рэальным станам эканомікі і самаадчуваньнем грамадзянаў, прынамсі эканамічным. Пагроза перагрэву эканомікі, пра якую папярэджваюць эканамісты, ня надта ўплывае на самаадчуваньне беларусаў. На яго могуць паўплываць рэальныя зьмены ў эканоміцы, калі прагнозы эканамістаў спраўдзяцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG