У Нацыянальным банку Беларусі паведамілі аб павелічэньні на 1 жніўня золатавалютных рэзэрваў на 173,5 мільёна даляраў — да 8,532 мільярда даляраў у эквіваленце.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, сёлета ў чэрвені іх аб’ём зьнізіўся на 52,9 мільёна даляраў.
Паводле зьвестак Нацыянальнага банку, аб’ём іншаземнай валюты ў рэзэрвах на 1 жніўня склаў 2,942 мільярда даляраў, што на 5,4 мільёна менш, чым на 1 ліпеня, а аб’ём манэтарнага золата з 1 ліпеня павялічыўся на 162,5 мільёна даляраў — да 4,213 мільярда даляраў.
У структуры міжнародных рэзэрваў Беларусі найбольш актываў у іншаземнай валюце і манэтарным золаце.
Зацьверджаныя на 2024 год асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі прадугледжваюць аб’ём міжнародных рэзэрваў ня менш за 6 мільярдаў даляраў.
Форум