Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытыкаваць, але не зьнішчаць. Чаму варта абараняць Ціханоўскую


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Чатыры гады таму ў Беларусі разгортваліся важныя палітычныя падзеі, у якіх адну з ключавых роляў выконвала Сьвятлана Ціханоўская. Наколькі абгрунтаваная крытыка, якая цяпер усё часьцей гучыць на яе адрас?

Гэта былі цяжкія чатыры гады, на працягу якіх беларускі супраціў ня здолеў прадэманстраваць колькі-небудзь значную колькасьць пераканаўчых посьпехаў. Праўда, для гэтага не было амаль ніякіх спрыяльных умоваў: вайна адсунула Беларусь на далёкую пэрыфэрыю міжнароднага парадку дня; рэжым у Беларусі працягвае агрэсію супраць суседзяў і палітычны тэрор унутры краіны – і супрацьпаставіць гэтаму нічога не ўдаецца (хоць эканамічная рэчаіснасьць і неадназначныя пэрспэктывы вайны могуць пахіснуць і стабільнасьць сытуацыі ў Беларусі).

Нават у сувязі зь нядаўнім абменам пуцінскіх шпіёнаў і вызваленьнем расейскіх апазыцыянэраў-палітвязьняў гучаць прэтэнзіі да Ціханоўскай і АПК, хоць роля расейскай дэмакратычнай апазыцыі ў гэтым абмене, выглядае, была выключна кансультацыйная: гэта была ўгода між Захадам і Пуціным.

Беларускі дэмакратычны рух у крызысе (а калі ён у ім ня быў?). Хоць ёсьць і важныя крокі наперад: напрыклад, прыход Вадзіма Кабанчука, аднаго з публічных твараў полку Каліноўскага, у склад Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў прынцыпе кампэнсуе расчараваньне ад заканчэньня супрацы АПК з Валерам Сахашчыкам, якая калісьці так шматабяцальна пачыналася (аўтарытэтны колішні важны кадравы вайсковец – і ў апазыцыі).

Падтрымка беларускіх вайскоўцаў — гэта, бадай, найважнейшы кірунак, дзе АПК зараз можа дабіцца чагосьці рэальнага і дзе посьпехі ў меншай ступені залежаць ад вонкавых абставінаў. Хоць нельга забывацца і пра абарону «Белсату», і пра палітычных вязьняў, і аб правах беларускіх выгнаньнікаў у замежжы.

Усё гэта — сфэры, дзе патрэбна клапатлівая дыпляматычная праца, якую да зьяўленьня Ціханоўскай нават не было каму праводзіць на такім узроўні.

Я ня ўпэўнены, ці выбар тэрміну «нацыянальная лідэрка», як вызначана ў прынятых днямі Ціханоўскай, АПК і Каардынацыйнай радай дакумэнтах, ёсьць больш удалым за «прэзыдэнт-элект». Але важна было зафіксаваць, што Ціханоўская застаецца лідэрам супраціву і пасьля 2025 году.

Ціханоўская — адзіная, хто мае хоць нейкую (з усімі агаворкамі) агульнанацыянальную легітымнасьць сярод апазыцыйных палітыкаў. Акрамя яе, пэўную легітымнасьць мелі дэпутаты апошняга Вярхоўнага Савету, але адна рэч — дэпутаты парлямэнту, а іншая — пераможца прэзыдэнцкіх выбараў. Пакуль ня зьявіцца ўнутры Беларусі іншая такая асоба, Ціханоўская будзе заставацца ў гэтай унікальнай пазыцыі. І гэта, сапраўды, можа працягнуцца і пяць гадоў, і дзесяць.

Ціханоўскую варта і трэба крытыкаваць, але фактам застаецца, што акрамя яе ў беларускіх дэмакратаў няма альтэрнатыўных палітычных цэнтраў — пры тым, што нічога не перашкаджае іх ствараць. Крытыкі Ціханоўскай нікога за свае 15 ці 25 гадоў у эміграцыі згуртаваць вакол сябе так і ня здолелі (калі яны ўвогуле ставілі сабе такую мэту). Дзевяць тысяч удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду (паводле Выбарчай камісіі, у галасаваньні на выбарах у Каардынацыйную раду ўзялі ўдзел 6723 чалавекі — рэд.) — гэта вельмі мала, але ніхто з апанэнтаў сыстэмы АПК-КР ня здолее змабілізаваць нават такую колькасьць беларусаў.

Пакуль што калектыўная Ціханоўская — гэта самае вялікае і эфэктыўнае, што беларускі дэмакратычны рух змог стварыць за трыццаць гадоў барацьбы. Ці камусьці гэта падабаецца, ці не.

Іншае пытаньне, што за дзесяць ці пятнаццаць гадоў такога існаваньня і цяперашнія калектыўныя каардынацыйныя структуры могуць высахнуць і муміфікавацца. Калі глядзець на досьвед беларускіх эміграцыйных структураў пасьля Другой сусьветнай вайны, цэнтральныя органы зь цягам часу гублялі значэньне, але набіралі значэньне мясцовыя арганізацыі дыяспараў. Чым далей, тым больш ад Ціханоўскай будзе заставацца толькі памяць пра ўздым 2020 году. І тым больш яна будзе ператварацца ў гістарычны артэфакт — калі ня будзе прарываў і яскравых дасягненьняў.

Мы жывем у складаны і амаль безнадзейны для барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі час. Беларуская дэмакратычная супольнасьць — як пацярпелыя ад караблекрушэньня, якія плывуць у моры на нейкіх абломках. Пакуль ня ўсе патанулі, лепш веславаць ў адзін бок. Ці хаця б памятаць, што ўсе маюць агульную мэту — дэмакратычную незалежную Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG