Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па пяцьсот»? У 46% работнікаў Беларусі заробак нават да выліку падаткаў не перавышае 1,5 тысячы рублёў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У траўні 2024 году 46% работнікаў Беларусі атрымалі намінальныя заробкі, меншыя за 1500 беларускіх рублёў, сьведчаць зьвесткі Белстату пра намінальныя налічаныя заробкі, якія прааналізаваў «Позірк».

У траўні 2024 году органы статыстыкі ўлічылі заробак 2 391 422 работнікаў Беларусі. Зь іх 1 099 403 работнікі (гэта 46%) атрымалі намінальныя заробкі, меншыя за 1500 беларускіх рублёў.

Намінальны заробак — агульная сума грошай, налічаная работніку за ягоную працу, да выліку падаткаў і іншых адлічэньняў. Намінальны заробак чалавек на рукі не атрымлівае, але ў Беларусі большасьць статыстычных разьлікаў, зьвязаных з заробкам, праводзяць з выкарыстаньнем менавіта намінальнай велічыні.

1500 беларускіх рублёў, паводле курсу Нацбанку на 6 жніўня, роўныя 485 далярам.

Аляксандар Лукашэнка прынамсі з 2005 году абяцае заробкі «па пяцьсот» даляраў. Больш за 10 гадоў таму, яшчэ падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу ў сьнежні 2010-га, Лукашэнка ўвогуле заяўляў: да канца пяцігодкі (2015 год) сярэдні заробак па краіне наблізіцца да 1000 даляраў у эквіваленце. Потым гэта паўтаралі чыноўнікі на ўсіх узроўнях, але абяцанага росту так і не адбылося.

Агулам намінальныя налічаныя заробкі ў Беларусі ў траўні 2024 году, паводле Белстату, выглядалі так:

  • да 200 рублёў былі налічаныя 3531 работніку (0,1%),
  • ад 200,1 да 1000 рублёў — 418 497 работнікам (15,5%),
  • ад 1000,1 да 1500 рублёў — 677 375 работнікам (28,3%),
  • ад 1500,1 да 2250 рублёў — 710 865 работнікам (29,7%),
  • ад 2250,1 да 3 тысяч рублёў — 371 441 работніку (15,5%),
  • ад 3000,1 да 5000 рублёў — 250 231 (10,5%),
  • ад 5000,1 да 10 000 рублёў — 54 213 работнікам (2,3%),
  • звыш 10 000 рублёў — 11 981 работніку (0,5%).

Паводле Белстату, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені — траўні 2024 году павялічыліся на 9,6% (месяцам раней — на 9,8%) у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023-га.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта плянавымі) парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасьці на 3,5%, рэальныя заробкі — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасьці да 2087 рублёў (у бюджэтным сэктары — да 1634).

Паводле зьвестак Белстату, спажывецкія цэны ад пачатку 2024 году вырасьлі на 3,4%, у гадавым выражэньні — на 5,8%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG