Дзень 9 жніўня 2020 году падзяліў беларусаў на змагароў і «ябацек». Больш як 50 тысяч чалавек у Беларусі былі затрыманыя з палітычных матываў. Распаліся сотні сем’яў. Ад многіх адвярнуліся блізкія людзі.
Усе, з кім размаўляла Свабода падчас падрыхтоўкі гэтай публікацыі, папрасілі пра ананімнасьць. Небясьпека для іх альбо іхных родных захоўваецца і праз чатыры гады пасьля падзей жніўня 2020 году.
Гісторыя былога палітвязьня Івана, якога не зразумеў бацька-чыноўнік
«Бацька не напісаў ні радка»
Цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін, Іван вымушаны быў зьехаць з краіны. Яго бацька займае высокую пасаду ў невялікім беларускім горадзе і не разумее, чаго не хапала сыну, які ўдзельнічаў у пратэстах пасьля 9 жніўня. Бацька не хадзіў на суд, не пісаў лістоў у калёнію і спыніў з сынам усе кантакты.
Іван (імя зьмененае. — РС) пасьля школы зьехаў на вучобу з роднага гораду. Скончыў прэстыжны факультэт эканамічнага профілю аднае сталічнае ВНУ. Працаваў у Менску ў буйной міжнароднай кампаніі, а па сумяшчальніцтве выкладаў у камэрцыйнай навучальнай установе.
Палітыкай да 2020 году сур’ёзна не цікавіўся, грамадзкім актывізмам не вызначаўся. Кажа, што і ў сям’і асабліва не разважалі пра палітыку, бацькі — абое — працуюць у дзяржаўных структурах.
«Тата зрабіў неблагую кар’еру, вельмі даражыў працай, праводзіў на ёй шмат часу, меў нядрэнны заробак для правінцыйнага гарадка. І маці ўсё жыцьцё працуе на дзяржаву. Старэйшы брат таксама займае сур’ёзную пасаду на дзяржаўным прадпрыемстве ў Менску. Да 2020 году ў нас у сям’і былі нармальныя, прыязныя стасункі», — узгадвае Іван.
У Менску Іван наймаў кватэру ў мікрараёне, дзе відавочна перамагала Сьвятлана Ціханоўская. 9 жніўня ўвечары шмат людзей прыйшло на ўчастак — спадзяваліся, што ім пакажуць пратаколы. Натуральна, пратаколаў ня вывесілі, сябры камісіі забарыкадаваліся ў будынку. Іван зь вялікім натоўпам абураных пайшоў у цэнтар. Бачыў, што адбывалася каля стэлы: гвалт, выбухі, стрэлы, жорсткі разгон, «хапун».
«Я быў вельмі ўражаны, чуў, што было ў наступныя дні каля „Рыгі“, на „Пушкінскай“. З 16 жніўня хадзіў на ўсе нядзельныя маршы. Зьбягаў ад вадамётаў, ад АМАПу, хаваўся ў пад’ездах — усё было. У кастрычніку на адным з маршаў мяне жорстка затрымалі, адвезьлі спачатку на Акрэсьціна, па скайпу асудзілі на 15 сутак. Арышт адбываў у іншым горадзе. Вызваліўся. Прыехаў да бацькоў. Яны былі ў шоку, што я выходзіў на акцыі пратэсту і адседзеў. Зьехаў у Менск», — кажа Іван.
Ён працаваў далей. Увесну 2021 году Івана затрымалі зноў — ужо па двух крымінальных артыкулах. Паказалі апэратыўнае відэа, дзе хлопец стаяў у счэпцы на праезнай частцы, знайшлі камэнтары ў сацсетках. Сядзеў на «Валадарцы», пэрыядычна атрымліваў перадачы і лісты ад брата і маці. Праз 3 месяцы Івана асудзілі ўжо па двух крымінальных артыкулах.
«Тады суды яшчэ былі адкрытыя. На першае паседжаньне прыйшлі мама і брат, я бачыў краем вока, што яна пастаянна выцірала сьлёзы. Праз свайго адваката папрасіў яе больш не прыходзіць. Нас судзілі ў групе, было 6 ці 7 паседжаньняў, і маці прапусьціла некалькі зь іх. А на прысуд прыйшла. На наступны дзень у нас было спатканьне. Маці зноў плакала. Сказала, што тата спачатку быў разьюшаны, а цяпер моцна засмуціўся: у яго непрыемнасьці на працы празь мяне, пагражаюць звальненьнем. Я спрабаваў давесьці, што бацька за дарослага сына не адказвае...» — узгадвае Іван.
Хлопец цалкам адседзеў свой тэрмін у адной з калёній. Натуральна, з «жоўтай» экстрэмісцкай біркай. Двойчы трапляў у ШЫЗА. Але лісты і перадачы ад сваякоў атрымліваў.
«Мне пісалі мама і брат. Не сказаў бы, што часта, але пару разоў на месяц лісты я атрымліваў. Бацька не напісаў ні радка. Хоць у сваіх лістах дадому я ў яго прасіў прабачэньня, распытваў пра здароўе. Маці з братам прывозілі перадачы. Доўгатэрміновых спатканьняў не было, але два былі кароткатэрміновыя, на іх прыяжджала толькі мама», — кажа ён.
Ня так даўно Іван вызваліўся. Сустрэў яго брат на машыне, спачатку адвёз да сябе ў Менск, бо з калёніі ў родны горад шлях ляжаў праз сталіцу. Па дарозе брат расказаў, што бацька заўсёды скандаліў з маці, калі яна везла перадачы сыну ў калёнію. Дый братавая сустрэла сваяка ня надта гасьцінна.
«Я заўсёды нармальна кантактаваў зь сям’ёй брата, зь ягонай жонкай, любіў гуляцца з пляменьнікамі, падарункі ім купляў. А тут жонка брата пры сустрэчы кажа: „Ну што, адкінуўся? Бацькоў ледзь у труну не загнаў“. Я абалдзеў. Яна вельмі тактоўная, прыемная дзяўчына. Але працуе... скажам так, у ідэалягічнай установе. Карацей, я памыўся ў ваньне і сказаў, што паеду дадому.
Пры сустрэчы бацька са мной нават не павітаўся. Маці плакала. На другі дзень у нас адбылася рэзкая і непрыемная размова з татам. Яму пару гадоў да пэнсіі, як я зразумеў, ён вельмі спадзяваўся на павышэньне па працы, а тут мяне пасадзілі... „Чаго вам не хапала? Супраць каго вы пайшлі?“ — абураўся бацька. Тлумачыць не было сэнсу — ён мяне проста ня чуў», — расказвае былы палітвязень.
А яшчэ празь дзень да Івана прыйшлі з ГУБАЗіКу. Ён зразумеў, што спакою ня будзе, трэба зьяжджаць з краіны. Прызнаецца, што маці пры разьвітаньні тайком ад бацькі сунула сыну грошы на першы час. А бацька адвёў вочы.
Гісторыя айцішніка Антона, якога не разумее дзед
«Змагар хрэнаў»
Дзядуля бязьмерна любіў адзінага ўнука, а калі той вымушаны быў зьехаць, перастаў кантактаваць.
«У мяне цудоўныя бацькі, якія шмат працуюць у бізнэсе, але яны заўсёды былі занятыя. З маленства я больш часу праводзіў з бабуляй і дзядулем. Бабуля была ўжо на пэнсіі, вадзіла мяне на спартовыя сэкцыі, гурткі. Дзед — прафэсар, доктар навук, заслужаны і вядомы чалавек. У яго ёсьць вынаходкі і шмат іншых заслуг. У дзяцінстве ён навучыў мяне, адзінага ўнука, плаваць, катацца на ровары, гуляць у футбол. Дзед вельмі стылёвы і элегантна апранаецца: сварыўся, што я ў офіс хаджу ў шортах і цішотцы. Ён таксама навучыў мяне завязваць гальштук, тлумачыў, што шкарпэткі павінны пасаваць па колеры да чаравікаў, а не да нагавіц, што пінжак трэба зашпільваць на адзін верхні гузік. Ён праўда вельмі клясны», — узгадвае Антон (імя суразмоўцы зьмененае. — РС).
Калі Антон паступіў ва ўнівэрсытэт, пачаў працаваць, яны зь дзедам сустракаліся радзей. Але Антон яму ўсталёўваў усе мэсэнджары ў тэлефон і кампутар, навучыў карыстацца сацсеткамі, і кожны вечар яны коратка кантактавалі ў тэлеграме. Да 2020 году пра палітыку не размаўлялі. Дый Антон асабліва ёю не цікавіўся. Кажа, што калі быў падлеткам, схадзіў пару разоў за кампанію зь сябрамі на Чарнобыльскі марш і Дзень Волі.
Але ўвесну 2020-га, калі падзеі сталі імкліва разьвівацца, пачаў глядзець і чытаць папулярных блогераў. Сябар Антона пайшоў працаваць у штаб Віктара Бабарыкі, а таго неўзабаве затрымалі. Ну, а 9 жніўня першы раз у жыцьці — у 27 гадоў — Антон пайшоў галасаваць. За Ціханоўскую. Увечары быў у цэнтры гораду, пабачыў, што адбываецца.
«Мы выходзілі зь сябрамі кожную нядзелю на ўсе маршы. Дзяўчаты пашылі велічэзныя сьцягі, мы абгортваліся імі, пазавалі, фатаграфаваліся. Такая эўфарыя ў людзей! Мы ж былі і каля Палаца Незалежнасьці, калі туды прыляцеў на верталёце Лукашэнка з Колем і аўтаматам. Мы маладыя, спартовыя — звычайна ўсім удавалася зьбегчы, столькі адрэналіну было», — узгадвае падзеі амаль чатырохгадовай даўнасьці Антон.
А ў кастрычніку пасьля адной нядзельнай акцыі яго чакалі каля дому чалавек восем спартовага выгляду ў балаклавах з аўтаматамі. Павалілі на зямлю, моцна адлупцавалі, кінулі ў сіні бусік, павезьлі ў пастарунак. Дапытвалі пра ўдзел у пратэстах, паказалі апэратыўныя здымкі, асабліва цікавіліся сябрам, які працаваў у штабе Бабарыкі і ў верасьні вымушаны быў уцячы ў Літву. Толькі ўвечары панядзелка нейкім цудам Антона адпусьцілі, але з пагрозамі хутка сустрэцца зноў. Сябры адразу параілі зьяжджаць як мага хутчэй.
«Я ня мог не параіцца зь сям’ёй, хоць ужо жыў і асобна — у нас так не прынята, усе важныя падзеі, рашэньні ўзгадняюцца на „сямейнай радзе“. Зьвязаўся з бацькамі, усе прыехалі да дзеда — ён у сям’і аўтарытэт.
Божа, я такога ад яго ніколі ня чуў! Ён увогуле ніколі не павышаў голас. А тут дзед проста роў, ды такімі словамі: „Пратэстун, змагар хрэнаў, і ты туды ж! Чаго вам не хапае? Зажэрліся „яйкагаловыя“, грошы ў сваёй „айцішцы“ грабяце лапатай, шастаеце па сьвеце, па Тайляндах ды Аўстрыях!“ А мы праўда да ковіду па два разы за сэзон у горы на сноўбордах выбіраліся, а літаральна ў канцы лютага былі ў Тайляндзе. Але і дзед шмат краін аб’езьдзіў. Маўляў, правільна Лукашэнка вас саджаць пачаў, крычаў дзед... Ну, і ў такім ключы. Я нават спалохаўся за яго: чалавек немалады, а так разнэрваваўся. Самае крыўднае, што дзеду не пасьмелі запярэчыць і мае цалкам адэкватныя бацькі», — не хавае эмоцый Антон.
На наступную раніцу хлопец з адным заплечнікам зьехаў у Польшчу, віза ў яго была. ІТ-кампанія, у якой ён працаваў, дапамагла з рэлякацыяй. Да Антона прыехала дзяўчына зь Менску, пара пажанілася — маладыя зьезьдзілі ў Грузію, дзе шлюб аформіць прасьцей.
«З бацькамі ў мяне нармальныя стасункі, яны ўсё разумеюць, мы кантактуем, маці прыяжджала да нас на вясельле, а ў бацькі не было візы. Я спрабаваў «навесьці масты» і зь дзедам. Спачатку пісаў яму ў тэлеграм. Адказу не было. На ягоны дзень народзінаў набраў, каб павіншаваць. Дзед слухаўку зьняў, сказаў даслоўна: «У мяне больш няма ўнука». І ўсё.
Я не магу зразумець, што зь ім адбылося. Дзядуля разумны, адукаваны, у яго аналітычны склад розуму. Ягоныя мазгі проста тэлевізарам і бяздарнай прапагандай не прамыеш. Не падобны ён да «ябацькі», — перакананы Антон.
Ён кажа, што жончыны бабуля і дзядуля таксама не ўхвалілі выбар унучкі — зьехаць за мяжу. Але тыя заўсёды былі за Лукашэнку, пастаянна за яго галасавалі, усё жыцьцё глядзяць толькі тэлевізар, інтэрнэтам не карыстаюцца. Унучка ім часта тэлефануе праз вайбэр, пытаецца пра здароўе, справы, лецішча, а пра палітыку яны ніколі не гавораць. Так усім спакайней, кажа Антон.
Гісторыя палітвязьня, ад якога адраклася маці
«Праз такіх, як ты, мой сын апынуўся ў турме»
Гэтую гісторыю расказала маці аднаго палітзьняволенага, які ўжо цалкам адбыў сваё пакараньне і вымушаны быў зьехаць зь Беларусі. Сама маці Алена (імя зьмененае. — РС) не зьбіралася зьяжджаць. Але да яе рэгулярна пачалі прыходзіць сілавікі, пытацца, дзе сын, а потым правялі ператрусы — ня толькі ў гарадзкой кватэры, але і ў вясковай хаце, якая дасталася жанчыне ў спадчыну ад сваіх бацькоў. А потым пачаліся масавыя затрыманьні людзей, якія дапамагалі сем’ям іншых палітвязьняў, насілі перадачы на «Валадарку», замаўлялі для іх прадукты ў гандлёвых сетках. Алена мусіла зьехаць з краіны.
«Калі ў кастрычніку 2020 году затрымалі майго сына, я была ў шоку: адзіны сын, разумнік-прыгажун, зрабіў добрую кар’еру на працы, а яго забралі ў турму! Якая я бедная-гаротная... А на „Валадарцы“ я пазнаёмілася зь дзясяткамі неабыякавых людзей, якія прыносілі перадачы ня толькі сваім родным, але і абсалютна чужым людзям. Даведваліся пры канцы месяца, каму не перадалі „паложаныя“ 30 кіляграмаў у месяц, і перадавалі чужым. Я была так уражаная хваляй салідарнасьці! Проста кранальна да сьлёз!» — узгадвае Алена.
Жанчына расказвае, што ёй давялося сутыкнуцца і зь іншай гісторыяй, калі маці, самы блізкі чалавек, публічна адраклася ад сына, якому пагражала турма за ўдзел у пратэстах.
Увесну 2021 году скончылася сьледзтва па справе сына Алены і яшчэ некалькіх чалавек, іх разам пачалі судзіць. Пад «Валадаркай» жанчына ўжо пазнаёмілася са сваякамі «падзельнікаў» сына, і паміж «таварышамі па няшчасьці» ўсталяваліся вельмі цёплыя стасункі, агульная бяда аб’яднала і згуртавала людзей.
«Мы прыходзім на першае судовае паседжаньне. І бачым незнаёмага хлопца. Вельмі інтэлігентнага выгляду, такі шчуплы, невысокага расточку. Я цікаўлюся: „Вось я мама аднаго абвінавачанага, гэта мама другога, гэта сястра трэцяга. А вы хто?“ Ён адказвае, што яшчэ летась з адным зь фігурантаў гэтай справы адседзеў 15 сутак у адной камэры, пасябраваў і прыйшоў яго маральна падтрымаць. Ну, адзін раз схадзіў, другі... А ён прыходзіў кожны дзень — на ўсе паседжаньні, а іх было ці то 12, ці то 13!» — эмацыйна расказвае Алена.
Разам з жанчынамі гэты хлопец Сяргей (імя зьмененае, сапраўднае ёсьць у рэдакцыі. — РС) чакаў па некалькі гадзін, калі паседжаньні абвяшчаліся закрытымі празь сьведак-сілавікоў. Дапамагаў Алене, калі ёй стала кепска. Расказаў, дзе працаваў раней і што яго звольнілі з працы пасьля тых 15 сутак.
«Я заўважыла, што ў яго не было грошай, калі мы ў перапынку ішлі ў кафэтэрый. Прапанавала купіць каву. Ён адмовіўся. Адзін раз завабілі ў кавярню. Я бяру дзьве стравы і кажу: „Ой, я памылілася, столькі ня зьем — еж“. Такі сьціплы хлопец!»
Суд скончыўся, сыну Алены і іншым фігурантам той справы прысудзілі па два з паловай гады калёніі. А празь некаторы час Алене паведамілі, што затрымалі і гэтага Сяргея. Жанчыны прыйшлі ў суд падтрымаць яго.
«На суд таксама прыйшлі яго маці, сястра і цётка. Маці сядзіць бокам да сына, на яго не глядзіць. Наагул ноль эмоцый! Адваката ў хлопца няма. Ён сам сябе абараняў. Упэўнена, дакладна, граматна, аргумэнтавана, зь веданьнем артыкулаў. Я вельмі зьдзівілася, мабыць, у яго вышэйшая адукацыя, і не адна — так абгрунтавана ён сябе абараняў», — кажа Алена.
Сяргея абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, пагромах. Нібыта каля «Рыгі» ён падняў зь зямлі камень і кінуў у сілавікоў. Паказалі відэа, але твару на ім не відаць: толькі нечая рука бярэ камень. І Сяргей абгрунтавана абвяргаў кожны эпізод, кожнае абвінавачаньне, якое яму інкрымінавалі, кажа Алена. Яна прызналася, што вельмі дагэтуль перажывае — мабыць, ня варта было так сябе паводзіць.
«Зь ягонай маці мы потым моцна счапіліся на вуліцы. Я не стрымалася і кажу: гэта ваш адзіны сын, як вы сябе паводзіце! Вы нават не гледзіце ў яго бок!» Яна вельмі агрэсіўна мне адказвае: «Праз такіх, як ты і твой сын-крымінальнік, мой сын апынуўся ў турме». Я баялася, што яна на мяне выкліча міліцыю«, — узгадвае Алена.
Назаўтра на ўсялякі выпадак яна прыйшла ў суд з групай падтрымкі — зь сяброўкамі. Сяргею абвясьцілі прысуд: 6 гадоў пазбаўленьня волі, працягвае жанчына.
«Я ўзьняла кулак, маўляў, трымайся, хлопец! А маці не глядзіць на сына зусім. Калі мы праходзілі каля клеткі, я зноў ня вытрымала: „Паглядзі на сына, ты яго, можа, апошні раз бачыш, яму 6 гадоў далі!“ Яна адварочвае твар.
Мабыць, я зрабіла вялікую памылку. Бо адразу пасьля прысуду сваякі пішуць судзьдзі заяву на спатканьне, і звычайна на наступны дзень сваякам дазваляюць сустрэцца з асуджаным. Я ёй пра гэта сказала, але маці адмовілася пісаць заяву, як мы яе ні ўгаворвалі, і, мабыць, так і не сустрэлася з сынам пасьля прысуду», — з жалем кажа Алена.
Сваякі іншых палітзьняволеных хацелі дапамагчы сям’і Сяргея грашыма і перадачамі.
«Я разумела, што ад мяне маці ня прыме дапамогі. Папрасіла жонку мужчыны, зь якім Сяргей раней сядзеў на сутках на Акрэсьціна, перадаць грошы і харчы ягонай сястры. Але сястра не ўзяла. Я вельмі перажываю за таго хлопца, як ён за кратамі без падтрымкі сям’і і сваякоў. Сяргей мне і раней расказваў, што яго маці заўсёды была за Лукашэнку».
Паводле дасьведчанай крыніцы (іншага палітвязьня, які сядзеў зь Сяргеем у адным атрадзе і нядаўна выйшаў на волю), перадач яму ў калёнію не перадаюць і на спатканьні ніхто не прыяжджае.
Форум