Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі рэаніматоляг Уладзімер Мартаў, якога ў траўні затрымлівалі ў Расеі, выехаў у Літву


Уладзімер Мартаў. Архіўнае фота
Уладзімер Мартаў. Архіўнае фота

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале сузаснавальнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак. Адпаведную інфармацыю таксама пацьвярджаюць крыніцы Свабоды.

Беларускага доктара-рэаніматоляга Ўладзімера Мартава, крытыка беларускай сыстэмы аховы здароўя, затрымалі ў расейскім горадзе Мурына (Ленінградзкая вобласьць Расеі), як вынікае з інфармацыі, апублікаванай 15 траўня мясцовым выданьнем «Фонтанка.ру». Крыніца Свабоды таксама пацьвердзілі затрыманьне Мартава.

Як паведамляла расейскае выданьне 78.ru, Мартаў знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку, у Беларусі яго абвінавачвалі ў «арганізацыі экстрэмісцкай супольнасьці». Паводле інфармацыі выданьня, перасьлед Мартава зьвязаны з тым, што ў чэрвені 2022 году ён даў інтэрвію Радыё Свабода, прызнанае рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкім». Як адзначае выданьне, ініцыятару вышуку паведамілі пра затрыманьне Мартава.

Празь нейкі час у СМІ зьвяліліся зьвесткі аб дэпартацыі Мартава ў Беларусь, паведамлялася, што яго нібыта зьмясьцілі ў віцебскі сьледчы ізалятар.

Аднак, паводле інфармаваных крыніцаў Свабоды, паведамленьні пра затрыманьне Мартава ў Беларусі ў чэрвені былі няпраўдаю.

6 жніўня стала вядома, што Мартаў знаходзіцца ў бясьпецы ў Літве. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канал сузаснавальнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак. Адпаведную інфармацыю таксама пацьвярджаюць крыніцы Свабоды.

Уладзімер Мартаў — лекар з 30-гадовым стажам. З 2003 году працаваў у Віцебскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Апошнія пяць гадоў загадваў аддзяленьнем анэстэзіялёгіі і рэанімацыі.

Доктар адкрыта гаварыў у СМІ аб праблемах арганізацыі мэдычнай дапамогі хворым на каранавірус, у прыватнасьці аб перабоях з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю лякарні. Ён сьцьвярджаў, што праз гэта ў канцы 2020 году памерлі некалькі чалавек, якім былі патрэбныя апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Падчас візыту ў лякарню Маладэчна 12 сакавіка 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Мартава «трэба на месца ставіць». 3 красавіка 2021 года лекара звольнілі — яму не працягнулі кантракту.

З таго часу Мартаў не працаваў у мэдыцыне. У сацыяльных сетках ён займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю, заяўляў аб непрыманьні гвалту і аўтарытарнага кіраваньня дзяржавай.

Выказваў салідарнасьць з палітвязьнямі, выказваўся наконт галадоўкі філёзафа Ўладзімера Мацкевіча.

У лютым 2022 году Мартава арыштоўвалі на 7 дзён паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Пасьля вызваленьня доктар пакінуў краіну.

  • Уладзімер Мартаў — суаўтар падкаста Радыё Свабода «На вайне з COVID-19», заснаванага на ўнікальных дзёньніках доктара.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG