Фондавы рынак Японіі абваліўся больш як на 13%, што стала самым вялікім падзеньнем з часоў «чорнага панядзелка» 1987 году. Пра гэта піша Assosiated Press.
19 кастрычніка 1987 году, падчас глябальнага абвалу фондавых рынкаў, японскі індэкс Nikkei перажыў падзеньне амаль на 15%.
Японскія індэксы падаюць на працягу некалькіх апошніх гандлёвых сэсій на фоне павышэньня працэнтных ставак у краіне і ўмацаваньня ены.
Да закрыцьця таргоў на Такійскай біржы 5 жніўня Nikkei (ключавы індыкатар, які ўключае акцыі 225 найбуйнейшых кампаній Японіі) зьнізіўся на 12,4% да папярэдняга закрыцьця. У пятніцу, 2 жніўня, ён упаў на 5,8%. За дзьве гандлёвыя сэсіі Nikkei на мінімуме страціў больш за 18%: гэта найгоршае двухдзённае падзеньне індэксу за ўсю яго гісторыю, піша Assosiated Press.
Індэкс TOPIX, у які ўваходзяць кампаніі зь вялікай капіталізацыяй, да закрыцьця таргоў абваліўся больш як на 12%, вынікае з дадзеных Bloomberg. Падзеньне TOPIX на працягу трох гандлёвых сэсій можа стаць самым вялікім з 1959 году.
Агенцтва адзначае, што прычынай падзеньня стаў глябальны распродаж акцый, які пачаўся 2 жніўня. Яго справакавала рашэньне Банку Японіі павысіць ключавую стаўку з 0–0,1% да 0,25%. Гэта другое павышэньне з пачатку году. На гэтым фоне ена рэзка ўмацавалася адносна даляра, што ўскладніла экспартэрам атрыманьне прыбытку на ўгодах Кэры-трэйд за кошт розьніцы ў працэнтных стаўках.
Яшчэ адным фактарам падзеньня фондавых рынкаў сталі асьцярогі, што ЗША могуць сутыкнуцца з рэцэсіяй, піша Reuters. 2 жніўня была апублікаваная справаздача аб узроўні занятасьці, якая паказала рост беспрацоўя ў ЗША да 4,3%. Аналітыкі Goldman Sachs ацэньваюць імавернасьць рэцэсіі ў Злучаных Штатах на працягу году ў 25%, JPMorgan — у 50%.
На гэтым фоне назіраецца і падзеньне рынку крыптавалютаў. Кошт біткойна зьнізіўся на 18%, упаўшы ніжэй за 50 тысяч даляраў. Гэта максымальнае сутачнае падзеньне з 2021 году. Зьніжэньне кошту біткойна пачалося 4 жніўня, рэзкае падзеньне адбылося ў ноч на 5 жніўня — адразу на 11%.
Экспэрты зьвязваюць гэта з асьцярогамі інвэстараў наконт магчымай рэцэсіі ў ЗША, а таксама з геапалітычнай сытуацыяй на Блізкім Усходзе. Інвэстары па ўсім сьвеце масава пазбаўляюцца ад рызыкоўных актываў.
Усьлед за японскім рынкам падзеньне пачалося на іншых азіяцкіх рынках. Тайваньская біржа Taiex абрынулася на 8,4%, карэйскі індэкс Kospi — на 8%.
Стамбульская фондавая біржа абвясьціла пра спыненьне таргоў на фондавым рынку, пасьля таго як асноўны індэкс зьнізіўся на 6,7%. Пра гэта піша турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu.
Падзеньне адбылося і ў Расеі. Індэкс Маскоўскай біржы на адкрыцьці таргоў упаў да мінімуму зь ліпеня 2023 году.
Форум