Неўзабаве пасьля таго, як мясцовыя СМІ паказалі, што палітык сядае ў вайсковы верталёт са сваёй сястрой, галоўнакамандуючы Банглядэш генэрал Вакер-уз-Заман абвясьціў аб плянах зьвярнуцца да прэзыдэнта па параду наконт стварэньня часовага ўраду. Ён паабяцаў, што вайскоўцы адступяць і пачнуць расьсьледаваньне крывавых рэпрэсій, якія выклікалі абурэньне супраць ураду. Ён папрасіў грамадзян даць час для аднаўленьня міру, піша Associated Press.
«Захоўвайце веру ў вайскоўцаў, мы расьсьледуем усе забойствы і пакараем вінаватых», — сказаў ён. — «Я загадаў, каб ні войска, ні паліцыя не вялі стральбы».
«Цяпер абавязак студэнтаў — захоўваць спакой і дапамагаць нам», — дадаў ён.
Пратэсты пачаліся мірна, калі расчараваныя студэнты патрабавалі скасаваць сыстэму квотаў на дзяржаўныя працоўныя месцы. Але пазьней дэманстрацыі ператварыліся ў беспрэцэдэнтнае паўстаньне супраць Шэйх Хасіны і яе кіроўнай партыі Ліга Авамі.
Урад паспрабаваў спыніць гвалт сілай, у выніку чаго загінулі амаль 300 чалавек. Гэта спарадзіла яшчэ большае абурэньне і заклікі да Хасіны пайсьці ў адстаўку.
Сама меней 95 чалавек, у тым ліку 14 паліцыянтаў, загінулі ў нядзелю ў сутыкненьнях у сталіцы краіны Дацы, паведаміла асноўная штодзённая газэта краіны Prothom Alo (выходзіць на бэнгальскай мове). У выніку гвалту яшчэ сотні атрымалі раненьні.
Прынамсі 11 000 чалавек былі арыштаваныя за апошнія тыдні. Беспарадкі таксама прывялі да закрыцьця школаў і ўнівэрсытэтаў па ўсёй краіне, а ўлады ўвялі камэнданцкую гадзіну і абмежавалі доступ у інтэрнэт.
У мінулыя выходныя пратэстоўцы заклікалі «адмовіцца ад супрацоўніцтва» — не плаціць падаткі і камунальныя плацяжы і не зьяўляцца на працы ў нядзелю, працоўны дзень у Банглядэш. Адкрыліся офісы, банкі і заводы, але ў Дацы і іншых гарадах цяжка было дабрацца да працы.
Хасіна прапанавала паразмаўляць са студэнцкімі лідэрамі ў суботу, але каардынатар адмовіўся і абвясьціў адназначнае патрабаваньне яе адстаўкі. Хасіна паўтарыла свае абяцаньні расьсьледаваць выпадкі сьмерці і пакараць вінаватых у гвалце. Яна сказала, што гатовая сесьці за стол перамоваў тады, калі захочуць пратэстоўцы.
Хасіна абвінавачвала пратэстоўцаў у «сабатажы» і заяўляла, што яны больш не студэнты, а бандыты. 76-гадовую прэм’ер-міністарку абралі на гэтую пасаду пасаду чарговым разам сёлета ў студзені, але тады выбары байкатавалі ейныя асноўныя апанэнты.
Пакуль невядома, дзе знойдзе прыстанак Шэйх Хасіна.
Форум