Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для будоўлі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» зьліквідуюць біялягічны заказьнік «Маяк»


Індустрыяльны парк «Вялікі камень». Ілюстрацыйнае фота
Індустрыяльны парк «Вялікі камень». Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі зацьвердзіў новы генэральны плян кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

У склад беларуска-кітайскага індустрыяльнага цэнтру «Вялікі камень» уключылі Нацыянальны аэрапорт «Менск», які па-ранейшаму будзе лічыцца тэрыяторыяй Менску.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, менавіта гэтым тлумачацца зьмены ў генэральным пляне кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

Гэта трэцяе зацьвярджэньне генэральнага пляну — яго ўхвалілі ў 2013 годзе і скарэктавалі ў 2016-ым.

Згодна з новым дакумэнтам, асваеньне тэрыторыяў будзе адбывацца ў два этапы: першы — у 2025-м, другі — у 2035 годзе.

Агульная плошча парку складае 11 761 га. У яго межы ўваходзяць 15 сельскіх паселішчаў, некалькі садовых таварыстваў, а таксама біялягічны заказьнік нацыянальнага значэньня «Валмянскі», зона адпачынку «Вясёлка» і біялягічны заказьнік «Маяк» (функцыянаваньне гэтага заказьніка спыняць).

Апроч таго, у межах індустрыяльнага парку знаходзіцца падземны водазабор, які забясьпечвае пітной вадой 150-170 тысяч жыхароў Менску, і рэкрэацыйна-аздараўленчыя лясы, якія маюць спэцыяльны статус карыстаньня. Іх перададуць для асваеньня, адзначаецца ў пастанове, «з улікам асаблівасьцяў, вызначаных палажэньнем аб спэцыяльным праўным рэжыме кітайска-беларускага парку».

Пры асваеньні тэрыторыяў таксама будуць улічаныя абмежаваньні ў зонах каля аб’ектаў Міністэрства абароны Беларусі і аэрапорту «Менск».

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае асаблівы праўны рэжым і падатковыя льготы. Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзыдэнта. Цяпер у парку 100 рэзыдэнтаў, чысты прыбытак кампаніяў парку за 2022 год — 34,1 мільёна рублёў.

Праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень», разьлічаны на выкарыстаньне транспартна-лягістычных магчымасьцяў Беларусі, пасьля 2020 году апынуўся пад пытаньнем з прычыны палітыкі беларускіх уладаў, якая ўскладніла адносіны з Захадам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG