Па выніках 2023 году беларускі вытворца грузавікоў займаў 7-е месца ў рэйтынгу пастаўшчыкоў на расейскі рынак, успамінае «Автостат».
За студзень — чэрвень МАЗ прадаў на расейскім рынку 2575 новых грузавікоў. Гэта на 16% менш, чым летась. Пры гэтым за чэрвень беларускі вытворца рэалізаваў 479 грузавікоў, што на 8% менш за аналягічны пэрыяд мінулага году.
У выніку доля беларускіх аўтамабіляў на рынку Расеі скарацілася за год з 4,9 да 4,3%. Па выніках першага паўгодзьдзя 2023 году МАЗ таксама трымаўся на 8-м месцы ў рэйтынгу прадаўцоў на расейскім рынку.
У 2024 годзе продажы грузавікоў у Расеі скараціліся за паўгодзьдзе на 3,6%.
КамАЗ страціў значна больш: у яго аб’ём продажаў абваліўся на 30,6%. І хоць расейскі аўтагігант яшчэ захоўвае 1-е месца па аб’ёме продажаў, яго доля ўпала з 24,7% да 17,7%, тады як доля ГАЗу павялічылася з 5,1% да 6%, а сямёркі кітайскіх кампаній (SITRAK, Shacman, FAW, Dongfeng, Howo, Foton і JAC) вырасла з 53,5% да 57,8%.
На другасным рынку грузавікоў у Расеі МАЗ трывала ўтрымлівае 3-е месца, саступаючы толькі КамАЗу і ГАЗу. Пры гэтым за шэсьць месяцаў гэтага году ў Расею было прададзена 7,1 тыс. МАЗаў.
Форум