Павел Кушнір памёр 27 ліпеня ў выніку сухой галадоўкі супраць вайны ва Ўкраіне, піша выданьне «Вот Так». Пра сьмерць Кушніра выданьню распавялі кіраўніца праекту «Русь сидящая» Вольга Раманава і сяброўка дзяцінства актывіста, піяністка Вольга Шкрыгунова.
«Ён заўсёды быў неардынарным чалавекам, які вельмі востра адчуваў несправядлівасьць. На фартэпіяна ўмеў так выконваць некаторыя творы, як зь цяжкасьцю выконваюць нават вялікія піяністы. Калі нам было гадоў па пятнаццаць, мы паспрачаліся, што ён не прагнецца пад сыстэму. І ён не прагнуўся. Значыць ён выйграў», — распавяла выданьню «Вот Так» Вольга Шкрыгунова.
Піяніст Павел Кушнір вырас у Тамбове, скончыў Маскоўскую кансэрваторыю імя Чайкоўскага. На працягу сямі гадоў працаваў салістам Курскай абласной філярмоніі, потым тры гады — у Курганскай філярмоніі. У 2023 годзе ён стаў салістам Бірабіджанскай абласной філярмоніі.
Яго затрымалі ў траўні 2024 году па абвінавачаньні ў «закліках да тэрарызму». Нагодай сталі антываенныя відэа ў ягоным YouTube-канале, на які былі падпісаныя пяць чалавек. У канале ён у паэтычнай форме крытыкаваў палітыку расейскіх уладаў — законы і вайну ва Ўкраіне. Таксама ён выдаў антываенную кнігу.
Форум