2 жніўня на двух прадпрыемствах Беларусі адбыліся пажары — на Беларускім мэталюргічным заводзе і на вытворчым унітарным прадпрыемстве Беларускага таварыства глухіх «Метыз», гаворыцца ў зводцы надзвычайных здарэньняў ад МНС Беларусі.
2 жніўня адбыўся пажар на вытворчым унітарным прадпрыемстве Беларускага таварыства глухіх «Метыз». У выніку пажару ў памяшканьні па вырабе клямараў пашкоджаная складаваная кардонная тара на плошчы каля 10 кв. м, памяшканьне закуранае. Пацярпелых няма, тэхналягічны працэс прадпрыемства не парушаны. Прычына пажару высьвятляецца.
У той жа дзень на тэрыторыі Беларускага мэталюргічнага завода ў Жлобіне Гомельскай вобласьці загарэлася трансфарматарнае масла на адкрытай пляцоўцы. Інцыдэнт адбыўся ў выніку кароткага замыканьня і разгермэтызацыі кандэнсатара ўстаноўкі трансфарматара галоўнай паніжальнай падстанцыі на тэрыторыі БМЗ. Плошча распаўсюджваньня агню склала 6 кв. мэтраў.
Тэхналягічны працэс прадпрыемства не парушаны, гаворыцца ў паведамленьні. Прычына інцыдэнту высьвятляецца.
Агулам у 2 жніўня ў Беларусі адбылося 17 пажараў. У вёсцы Дубовы Лог Добрушскага раёну ў жылым доме на пажары загінула жанчына, у Менску ў выніку пажару пацярпела пэнсіянэрка, яе шпіталізавалі. У выніку пажараў пашкоджана 14 будынкаў і дзьве адзінкі тэхнікі, яшчэ адзін будынак зьнішчаны.
Паводле зьвестак МНС, з пачатку 2024 году ў Беларусі адбылося 3516 пажараў і ўзгараньняў, у іх загінулі 311 чалавек, пацярпелі — яшчэ 324.
Асноўнай прычынай сёлетніх пажараў у МНС назвалі парушэньне правілаў прыстасаваньня і эксплюатацыі электрычных сетак і электраабсталяваньня. З гэтай прычыны адбылося 32,5% ад усіх пажараў. 32,1% пажараў здарылася з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з агнём. Таксама частым чыньнікам пажару зьяўляецца парушэньне правілаў эксплюатацыі печаў, цеплагенэруючых апаратаў і прыладаў (гэты чыннік справакавала 19,7% пажараў).
Форум