У фінальным змаганьні па акадэмічным веславаньні на дыстанцыі 2 000 мэтраў сярод мужчынскіх адзіночак Яўген Залаты паказаў час 6.42,96. Апярэдзіць яго здолеў толькі немец Олівэр Зайдлер. У фінале было шэсьць удзельнікаў.
Фінал з удзелам Яўгена Залатога пераносілі на пазьнейшы час праз тое, што аўтобус ня змог своечасова даставіць беларуса на вясьлярны канал праз паломку.
Да гэтага лепшым выступам мужчын-весьляроў зь Беларусі на Алімпійскіх гульнях было пятае месца Станіслава Шчарбачэні — На алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра ў 2016 годзе.
Беларуская вясьлярка Тацяна Клімовіч заняла восьмае месца на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
Гэта ўжо трэці мэдаль беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Першы мэдаль беларусаў заваявала Віялета Бардзілоўская — срэбра ў скачках на батуце. Залаты мэдаль у скачках на батуце сярод мужчын заваяваў беларус Іван Літвіновіч.
Беларускія спартоўцы на Алімпіядзе ў Парыжы
Беларусь на гэтых Алімпійскіх гульнях прадстаўляюць 17 спартоўцаў:
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Барацьба: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя меры ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.
Форум