Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда ў Парыжы: беларускі вясьляр Яўген Залаты прабіўся ў фінал. Як выступілі іншыя беларускія спартоўцы


Яўген Залаты
Яўген Залаты

1 жніўня на Алімпіядзе ў Парыжы прайшлі паўфіналы ў заездах адзіночак у акадэмічным веславаньні. У іх удзельнічалі два беларускія весьляры: Тацяна Клімовіч і Яўген Залаты.

Яўген Залаты выйшаў у фінал у спаборніцтвах лодак-адзіночак у акадэмічным веславаньні. Беларус выступіў па трэцяй дарожцы ў другім заезьдзе і паказаў час — 6 хвілін 39,01 сэкунды. Гэта другі вынік у заезьдзе.

Розыгрыш мэдалёў у мужчын у гэтым відзе адбудзецца 3 жніўня.

Тацяна Клімовіч у паўфінале ў адзіночцы на 2000 мэтраў паказала 5-ы вынік з 6 — 7 хвілінаў 26,56 сэкунды. Барацьбу ў фінале працягвае толькі тройка найлепшых.

Між тым беларуская плыўчыха Анастасія Шкурдай сёньня прабілася ў паўфінал спаборніцтваў на дыстанцыі 200 мэтраў на сьпіне, яна паказала час 2.09,64. У паўфінал праходзілі 16 з 27 удзельніц папярэдніх заплываў. У сваім заплыве Анастасія фінішавала трэцяй. Паўфінальныя заплывы адбудуцца ўвечары 1 жніўня.

Прадстаўніца кулявой стральбы Дар'я Чупрыс завяршыла выступы на Алімпіядзе. 1 жніўня яна не прайшла ў фінал спаборніцтваў па стральбе зь вінтоўкі з трох палажэньняў. У кожным з практыкаваньняў (стральбе лежачы, стоячы і з калена) Чупрыс набрала па 193 балы з 200, яе агульны вынік склаў 579 балаў, што прынесла ёй выніковае 24-е месца. Барацьбу за мэдалі працягне лепшая васьмёрка.

Беларусь на гэтых гульнях прадстаўляюць 17 спартоўцаў.

  • Роварны спорт: Ганна Церах.
  • Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
  • Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
  • Барацьба: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў
  • Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
  • Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
  • Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
  • Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
  • Тэквандо: Георгі Гурцыеў.

Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя меры ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG