Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў Сабалеўскага і Глушкова асудзілі на 4 і 3 гады калёніі адпаведна


Алесь Сабалеўскі
Алесь Сабалеўскі

Журналіста і відэаапэратара абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім і ўзброеным фармаваньнях.

Судовы працэс распачаўся 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе, з таго моманту адбылося пяць судовых пасяджэньняў. 31 ліпеня прагучаў прысуд, піша БАЖ.

Алесю Сабалеўскаму прысудзілі 4 гады зьняволеньня ў калёніі, Яўгену Глушкову — 3 гады.

Таксама абодвум прызначаныя вялікія штрафы — кожнаму па 200 базавых велічынь (гэта значыць, па 8000 рублёў). Прысуды даваў судзьдзя Магілёўскага абласнога суду Дзьмітры Кранжыеўскі.

Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 і 3 арт. 361–1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»);
  • ч. 1 арт. 361–3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка да такога ўдзелу»).

Абодвух журналістаў прызналі палітычнымі вязьнямі.

Журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 сьнежня 2023 году. На наступны дзень суд Кастрычніцкага раёну Магілёва прызначыў яму адміністрацыйны арышт на 10 дзён. Ужо ў ізалятары часовага ўтрыманьня адбыўся другі адміністрацыйны суд, журналісту ізноў прызначылі арышт, абвінаваціўшы ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Але і пасьля другога арышту на волю Сабалеўскі ня выйшаў: на пачатку студзеня 2024 году яго перавялі ў сьледчы ізалятар пры турме № 4.

Паводле інфармацыі ад тых, хто знаходзіўся ў адной камэры ІЧУ з Сабалеўскім, журналіста білі падчас допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК. На ягоным целе доўгі час было відаць сьляды катаваньняў. Намагаліся атрымаць прызнаньні ў тым, што ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй 6tv.by — выданьнем, якое 29 лістапада мінулага году прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». На момант затрыманьня Алесь Сабалеўскі не супрацоўнічаў са СМІ — ён адышоў ад журналістыкі і працаваў у сфэры паслуг.

Відэапэратар-фрылансэр Яўген Глушкоў быў затрыманы на пачатку студзеня 2024 году. Паколькі ён жыў адзін, то пра яго затрыманьне стала вядома не адразу — знаёмыя распачалі пошукі, калі зразумелі, што ён ужо некалькі дзён не выходзіць на сувязь. Пасьля затрыманьня Глушкова ўтрымлівалі ў ІЧУ, а потым перавялі ў СІЗА пры турме № 4.

Яўген Глушкоў шмат гадоў працаваў на магілёўскай гарадзкой тэлевізіі, на пачатку 2000‑х супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі. Але апошнім часам ніякай грамадзкай ці журналісцкай дзейнасьцю не займаўся. Праўдападобна, што з Глушкова таксама выбівалі паказаньні ў тым, што ён супрацоўнічаў з 6tv.by.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG