У паведамленьні таксама падвялі вынікі працы цэнтру. З моманту свайго стварэньня 28 лютага 2022 году Цэнтар дапамогі беларускім добраахвотнікам перадаў больш за 200 транспартных сродкаў і даставіў больш за 50 тон гуманітарнай дапамогі ва Ўкраіну, уключаючы прадукты харчаваньня, адзеньне, гігіенічныя сродкі, мэдыцынскае абсталяваньне і іншыя неабходныя рэчы для выратаваньня жыцьця і здароўя людзей.
«Уся каманда Фонду ганарыцца вынікамі дзейнасьці Цэнтру дапамогі палка ім. Кастуся Каліноўскага, якія сталі магчымыя дзякуючы клапатлівым беларусам з усяго сьвету, якія актыўна зьбіралі і адпраўлялі дапамогу для выратаваньня жыцьцяў ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні Беларускага дому ў Варшаве.
Гуманітарная дапамога паступала ў Цэнтар амаль з усіх краін Эўразьвязу, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі і Аўстраліі, адзначае арганізацыя. Грошы ахвяравалі прадстаўнікі беларускай дыяспары і неабыякавыя грамадзяне заходніх краін.
- 19 ліпеня полк імя Каліноўскага на сайце заявіў пра зьмену камандзіра і рэформы. Раней камандзірам палка быў Дзяніс «Кіт» Прохараў. Цяпер выканаўцам абавязкаў камандзіра стаў Павал «Дзядзька» Шурмей.
- 22 ліпеня ў тэлеграм-канале палка Каліноўскага зьявілася паведамленьне, што «полк страчвае элемэнты самакіраваньня», а новыя ўмовы набору рэкрутаў «зьнішчаюць працоўную сыстэму, збудаваную за больш чым 2 гады». Таксама сьцьвярджалася, што вайсковая частка, дзе месьціцца полк, патрабуе ў прэс-службы структуры аддаць доступ да сацсетак палка.
- 22 ліпеня Павал Шурмей даў інтэрвію афіцыйнаму youtube-каналу Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, дзе расказаў пра рэформы ў падразьдзеле. Паводле яго, перамены пачаліся некалькі месяцаў таму і накіраваныя на тое, каб палепшыць баяздольнасьць, павялічыць фінансавую празрыстасьць, каб беларусы замежжа і ня толькі беларусы дапамагалі фінансава і каб валянтэры хацелі працаваць з палком. Шурмей таксама заявіў, што хоча зрабіць лепшым рэкрутынг, каб у полк ішлі людзі.
Форум