Грамадзянін Беларусі, якога затрымалі летась 24 кастрычніка на кірунку Парэ (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Ненькавічы (Ровенская вобласьць) за незаконнае перасячэньне мяжы, усё яшчэ знаходзіцца ў пункце часовага знаходжаньня іншаземцаў.
Як стала вядома Свабодзе, затрыманаму 45 гадоў, яго завуць Сяргей С. (рэдакцыя не называе ягонага прозьвішча ў мэтах бясьпекі. — РС).
Сёлета ў красавіку яму да сярэдзіны кастрычніка 2024 году падоўжылі час знаходжаньня ў пункце для іншаземцаў, якія незаконна знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны «з мэтай забесьпячэньня прымусовага выдварэньня за межы тэрыторыі Ўкраіны».
Падставай для падаўжэньня затрыманьня стала тое, што ўпраўленьне міграцыйнай службы ў Валынскай вобласьці дагэтуль не разгледзела ягонай заявы аб палітычным прытулку, па які ён зьвярнуўся ў дзень свайго затрыманьня ўкраінскімі памежнікамі.
Сёлета ў сакавіку Сяргей С. паўторна зьвярнуўся з заявай па атрыманьне статусу ўцекача або дадатковай абароны ва Ўкраіне. Але і яе дагэтуль не разгледзелі. Цяпер ён абскарджвае гэта ў судзе, а на час абскарджваньня будзе заставацца ва Ўкраіне, у пункце часовага знаходжаньня іншаземцаў.
Што папярэднічала
Летась 30 кастрычніка стала вядома аб затрыманьні ва Ўкраіне грамадзяніна Беларусі — ён змог прайсьці ад беларускай мяжы па ўкраінскай тэрыторыі ўсяго 800 мэтраў, калі яго заўважылі ўкраінскія памежнікі. Гэта адбылося на кірунку Парэ (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Ненькавічы (Ровенская вобласьць).
У судзе, які яго аштрафаваў на 8,5 тысячы грыўняў (прыблізна 240 даляраў у эквіваленце) за незаконнае перасячэньне мяжы, беларус паведаміў, што працаваў токарам на рачным порце ў Пінску і выступае супраць «палітычнага рэжыму ў Беларусі».
На той момант нічога не паведамлялася аб далейшым лёсе беларуса.
Беларуская вёска Парэ ўваходзіць у памежную зону, аднак памежнага пераходу ў вёсцы няма. Вёска знаходзіцца на правым беразе ракі Прастыр, ад Парэ ў кірунку Ўкраіны — вялікая забалочаная тэрыторыя.
Што вядома пра пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў
Ва Ўкраіне для незаконных мігрантаў створаныя і дзейнічаюць тры пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі — у Мікалаеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласьцях.
Рэжым утрыманьня грамадзян у такіх пунктах падобны да рэжыму ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Грамадзяне могуць свабодна перамяшчацца толькі па тэрыторыі пункту, насіць уласнае адзеньне, пісаць лісты, атрымліваць пасылкі, сустракацца з праваабаронцамі, адвакатамі, дыпляматамі ўстаноў краіны свайго паходжаньня.
Рашэньне аб прымусовым выдварэньні (рэадмісіі) затрыманыя грамадзяне могуць абскардзіць у судзе.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, украінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці ўсіх пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы. Працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці — празь яго пешшу перасякаюць мяжу грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца зь незаконнай дэпартацыі з Расеі.
Беларускія дыпляматы выехалі з Украіны ў сакавіку 2022 году.
Форум