На цырымоніі ў Тэгеране ў нядзелю Алі Хамэнэі ў прысутнасьці высокапастаўленых ваенных, палітыкаў і замежных дыпляматаў заявіў, што зьнешняя палітыка ўрада Пэзэшкіяна павінна аддаваць прыярытэт «дзяржавам, якія на працягу ўсіх гэтых гадоў падтрымлівалі Іран ва ўмовах ціску як унутры, так і за межамі ААН». Сярод такіх краін Хамэнэі назваў суседзяў Ірана, а таксама дзяржавы Афрыкі і Азіі.
«Я не гавару аб эўрапейскіх краінах як аб прыярытэце нашай палітыкі празь іх дрэнныя паводзіны ў такіх пытаньнях як санкцыі і нафту. Яны стануць прыярытэтам, калі зьменяць пазыцыю», – падкрэсьліў 85-гадовы вярхоўны аятала, якому належыць уся рэальная ўлада ў Іране.
Масуд Пэзэшкіян у сваім выступе ў адказ заявіў аб неабходнасьці рэформаў у Іране, але адначасова сказаў, што будзе імкнуцца «рэалізаваць агульную палітыку вярхоўнага лідэра».
Пэзэшкіян быў абраны прэзыдэнтам у другім туры пазачарговых выбараў, якія прызначылі ў сувязі зь гібельлю ў авіякатастрофе ў маі 2024 года папярэдняга прэзыдэнта Ібрагіма Раісі. Масуд Пэзэшкіян – кардыяхірург па адукацыі, былы міністар аховы здароўя і дэпутат іранскага парлямэнта. Яго супернікам у другім туры быў ультракансэрватыўны кандыдат Саід Джалілі.
Форум