Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малі меркавана загінулі расейскія найміты ПВК «Вагнэр»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

На поўначы Малі непадалёк ад мяжы з Альжырам паўстанцы з плямёнаў туарэгаў, як мяркуецца, разграмілі ўзброеную калёну, якая складалася ў асноўным з наймітаў ПВК «Вагнэр».

Як паведамляе агенцтва Reuters, страты з боку малійцаў маглі скласьці два чалавекі, з боку наймітаў – сама меней 20 чалавек.

Малійская ўзброеная кааліцыя «Пастаяннае стратэгічнае партнэрства за мір, бясьпеку і разьвіцьцё» (CSP-PSD), апазыцыйная афіцыйным уладам, заявіла, што ў выніку баёў, якія доўжыліся з чацьвярга, непадалёк ад населенага пункта Цінзуатэн яна захапіла аўтамабілі і бронетэхніку, якія належалі войскам ураду Малі і іх расейскім саюзьнікам. Яе прадстаўнікі сказалі, што частка малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў, якія засталіся ў жывых, уцяклі, а астатнія здаліся ў палон.

Міністэрства абароны Малі пацьвердзіла, што ў выніку сутыкненьняў на поўначы краіны былі забітыя двое вайскоўцаў і 10 — параненыя. Таксама ведамства заявіла, што забітыя сама меней 20 нападнікаў з боку паўстанцаў.

Расейскія каналы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр», публікуюць фатаздымкі з Малі. На іх намаляваныя целы забітых і згарэлая тэхніка. Былы супрацоўнік місіі ААН у горадзе Кідаль на поўначы Малі заявіў агенцтву AFP, што сама меней 15 расейскіх наймітаў былі забітыя альбо ўзятыя ў палон пасьля трохдзённага бою. Удзельнік сэпаратысцкага руху туарэгаў Моса Аг Інзама сьцьвярджае, што гаворка ідзе пра «многія дзясяткі» забітых і ўзятых у палон, паведамляе руская служба ВВС.

Таксама расейскія тэлеграм-каналы, зьвязаныя з наймітамі ў Афрыцы, напісалі пра гібель у Малі вядомага Z-блогера, аўтара Youtube-канала Grey Zone з пазыўным «Белы». Як мяркуецца, гэта 31-гадовы ўраджэнец Ліпецкай вобласьці Мікіта Фядзянін. «Загінуў годна, са зброяй у руках», — пішуць пра яго ўльтраправыя каналы.

З 2012 году абстаноўка ў Малі нестабільная з прычыны актыўнасьці радыкальных сэпаратысцкіх груповак. У 2022 годзе ў выніку вайсковага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла хунта на чале з палкоўнікам Асімі Гоіта. Яго ўлада падтрымліваецца ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ўзброеных структур, зьвязаных з расейскай ПВК «Вагнэр».

Зь лютага 2023 году прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» аднавіла пасьля гадавога перапынку набор наймітаў для адпраўкі ў Афрыку — калі меркаваць па публікацыях у Telegram-каналах, зьвязаных з «Вагнэрам», з гэтага часу пачалі набіраць байцоў для ўдзелу ў апэрацыях у Малі ў Заходняй Афрыцы. Набор пачалі праводзіць ня толькі сярод грамадзян Расеі, але і Беларусі. Паводле зьвестак журналістаў, з наймітаў фармавалі штурмавыя атрады, а частку зь іх накіроўвалі ў атрад па кіраваньні дронамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG