Згодна са зьвесткамі Нацбанку, агульны аб’ём рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ і паслуг па выніках першых 4 месяцаў 2024 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась павялічыўся на 14,8% (з 119 366,9 млн беларускіх рублёў за студзень — красавік 2023 году да 137 057 млн за аналягічны пэрыяд 2024 году).
Тым часам чысты прыбытак беларускіх прадпрыемстваў зьменшыўся на 11,7% (з 6426 млн рублёў за студзень — красавік 2023 году да 6161,4 млн рублёў за аналягічны пэрыяд 2024 году), рэнтабэльнасьць продажаў упала на 1,3 працэнтнага пункта (з 7,9% да 6,6%), а рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі — на 1,9% (з 9,8% да 7,9%).
Крэдыторская запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў (даўгі прадпрыемстваў) за чатыры месяцы 2024 году вырасла на 4,5% (з 80 261,7 млн рублёў на 1 студзеня 2024 году да 83 909,1 млн на 1 траўня), дэбіторская (даўгі прадпрыемствам) — на 6,9% (з 66 931,2 млн да 71 561,5 млн). Пры гэтым пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць на 1 траўня вырасла на 3,3% (з 9722,7 млн да 10 047,2 млн), дэбіторская — на 11,8% (з 8938,6 млн да 9992,6 млн).
Доля стратных арганізацыяў да іх агульнай колькасьці зьнізілася на 1,1% (з 16,8% да 15,7%).
- 3 кастрычніка 2023 году на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што для беларускай эканомікі «пытаньне пытаньняў» — дэбіторская запазычанасьць прадпрыемстваў.
- Сёлета 9 красавіка на нарадзе аб разьвіцьці прамысловасьці Лукашэнка канстатаваў, што ягоныя патрабаваньні па скарачэньні зьнешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці засталіся нявыкананымі, і за 2023 год яна вырасла больш як на 10%.
- 22 ліпеня ў Менску на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця прамысловасьці Лукашэнка папярэдзіў дырэктараў наконт вяртаньня зьнешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці: «Гэта турма. Таму што пры такім раскладзе вы просіце яшчэ і танныя крэдыты пад абаротку і рэструктурызацыю даўгоў. Гэта значыць, зноў спадзеяцеся, што дзяржава з уласнай кішэні вам нешта дасьць, і на іншыя льготы і прэфэрэнцыі [таксама спадзеяцеся]. Чарговы раз паўтараю: павінна быць жорсткая дысцыпліна разьлікаў».
Форум