Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Івашын прыслаў бацькам парады, як перажыць сьпёку: «Ніякіх выхадаў у цяпліцу»


Дзяніс Івашын. Архіўнае фота
Дзяніс Івашын. Архіўнае фота

Зьняволены журналіст Дзяніс Івашын праз пошту з крытай турмы даслаў бацькам інструкцыю пра тое, як перажыць анамальную гарачыню.

«Калі ласка, беражы сябе і Леаніда М. — максымальна! Рабіце абавязковую сіесту з 11:00 до 16:00, як гэта традыцыйна адбываецца ў Гішпаніі. Ад гарачага паветра сьлед абавязкова перахоўвацца. Мінімізаваць фізычную нагрузку (аніякіх выхадаў у цяпліцу!), як найбольш спажываць ваду (толькі не халодную!) і адпачываць. Адная з асноўных пагрозаў — цеплавы ўдар, які можа мець дужа сур’ёзныя наступствы. Калі ласка, Матулечка, пастаўцеся да ўсяго гэтага дужа сур’ёзна!» — напісаў Дзяніс Івашын сваёй маці ў нядаўнім лісьце.

Маці палітвязьня Івашына Людміле блізу 70 гадоў, ягоны айчым Леанід яшчэ старэйшы. Улетку яны жывуць на лецішчы пад Горадняй. Каб разнастаіць рацыён гароднінай, ім даводзіцца працаваць на ўчастку, у тым ліку ў цяпліцы.

«Таму Дзяніс асабліва непакоіцца, каб праца на сьпякоце ня стала прычынай рэзкага пагаршэньня здароўя бацькоў», — расказала жонка Дзяніса Івашына Вольга, якая пасьля арышту мужу вымушаная жыць за межамі Беларусі.

Паводле Вольгі Івашынай, пра ўласнае здароўе Дзяніс з турмы піша няшмат, але запэўнівае ў кожным лісьце, што праблем ня мае. Каб падтрымаць Дзяніса, Вольга рэгулярна шле яму вітаміны, але ня ўсе зь іх адрасат атрымлівае.

«Вось у ліпені вітаміны для яго не прынялі. Ён пісаў заяву доктару, але пакунак выслалі назад. Можа, доктар не пасьпеў ці не захацеў падпісаць», — мяркуе жонка палітвязьня.

Паводле Вольгі, Дзянісу дазваляюць тэлефанаваць сваякам, зь ім не спыняецца ліставаньне, хаця ня ўсе лісты ад яго і яму прапускаюць.

«Ня ўсе даходзяць, на жаль. Піша, што сумуе, перадае ўсім прывітаньні, цікавіцца навінамі, піша вершы. Чытае пэрыёдыку, якую выпісвае, кнігі, якія набывае. Падцягвае ангельскую мову», — расказала пра Дзяніса Івашына ягоная жонка Вольга.

Ужо больш за год Дзяніса Івашына трымаюць на строгім рэжыме ў турме № 8 Жодзіна. Сваякам палітвязьня дакладна не вядома, колькі ў яго сукамэрнікаў.

«Ведаем, што выводзяць на шпацыры. Ён вельмі сумуе па прыродзе, уяўляе, як ён наведвае родныя мясьціны», — падзялілася жонка палітвязьня Вольга і працытавала радкі з верша мужа, які атрымала нядаўна.

Да грушы старой вяртаюся баржджэй

Пад шатамі яе так льга ратунак знаходзіць.

Пад вецьцем купчастым значна лацьвей,

Ля хаты бацькоўскай прахалода лагодзіць.

Дзяніс Івашын асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц за нібыта здраду дзяржаве (артыкул 356 КК) і незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці (артыкул 179 КК). Да арышту ў сакавіку 2021 году Дзяніс Івашын шмат дасьледаваў уплыў «русского мира» на беларускіх сілавікоў, пісаў пра абарону Курапатаў і ўладкаваньне ўкраінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG