У Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі адновяць вывучэньне беларускай мовы. Пра гэта на брыфінгу паведаміў рэктар ВНУ Уладзімір Бугроў, піша «Укрінформ».
«Беларуская мова ня ёсьць толькі мовай самаабвешчанага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, гэта мова беларускага народу, воінаў беларускіх фармаваньняў, якія ў складзе Ўзброеных сіл Украіны змагаюцца за свабоду і незалежнасьць і для Ўкраіны, і для сваёй радзімы», — падкрэсьліў Бугроў.
Паводле яго, вывучаць беларускую мову будуць на катэдры славянскай філялёгіі Навучальна-навуковага інстытуту філялёгіі.
- У кастрычніку 2023 году рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту Ўладзімір Бугроў у адным з інтэрвію расказаў, што ва ўнівэрсытэце закрылі праграмы вывучэньня беларускай і расейскай моваў. Паводле рэктара, адбылося гэта яшчэ ў 2022 годзе.
- Пасьля таго як украінская журналістка Юлія Кузьменка ў Фэйсбуку скрытыкавала рашэньне ўнівэрсытэту, у камэнтарах да яе допісу Ўладзімір Бугроў паабяцаў, што ў выпадку, калі ў 2024 годзе ўнівэрсытэт абвесьціць набор на беларускамоўную праграму і будзе дастатковая колькасьць студэнтаў, ён гэтую праграму падтрымае.
Форум