«Як сказаў прэзыдэнт: час выбраў нас, – гаворыць інспэктар ДАІ Жабінкаўскага РАУС капітан міліцыі Аляксей Буцько. – Уборка ўраджаю – задача няпростая. Таму дадатковыя сілы на хлебнай ніве не перашкодзяць».
Адсутнасьць вольнага часу, як піша sb.by, не бянтэжыць сілавікоў.
«Трэба максымальна выкарыстоўваць добрае надвор'е. Бо ад сабранага ўраджаю таксама залежыць бясьпека нашай краіны», – упэўнены капітан міліцыі.
Таксама і вайскоўцы ўнутраных войскаў далучыліся да рэспубліканскай уборачнай кампаніі. Байцы, якія праходзяць службу па прызыву і кантракту, штодзень зьбіраюць ураджай рапсу ў ААТ «Александрыйскае». Зусім хутка яны пачнуць уборку пшаніцы.
Падчас сэлектарнай нарады 19 ліпеня, прысьвечанай уборачнай і ліквідацыі наступстваў непагадзі, Лукашэнка загадаў мабілізоўваць людзей для працы ў сельскай гаспадарцы.
Калі міністар сельскай гаспадаркі Анатоль Ліневіч зьвярнуў увагу, што нават у межах адной вобласьці ўраджайнасьць можа ашаламляльна адрозьнівацца ў выніку недапрацоўкі, Лукашэнка адказаў:
«Так прымусьце іх працаваць! Не прымусіце вы – скажыце мне. Мы з Кубраковым (Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў) заўтра прымусім мёртвага працаваць».
Форум