Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Францыі Жэральда Дарманэна, анкеты шэрагу рэпартэраў адхілілі праз боязь шпіянажу і кібэратак.
«Менш за сотню анкет мы адхілілі праз падазрэньні ў тым, што яны зьяўляюцца агентамі — шпіёнамі або інфарматарамі замежных дзяржаў, якія імкнуцца да ўмяшаньня ў гульні», — паведаміў Le Journal du Dimanche.
Кіраўнік МУС падкрэсьліў, што ў праве асьвятляць Алімпіяду адмовілі і карэспандэнтам «шэрагу іншых краін», але не паведаміў, якіх менавіта.
Раней паведамлялася, што на Алімпіяду акрэдытаваліся журналісты чатырох беларускіх дзяржаўных мэдыя: інфармацыйнага агенцтва БелТА, газэты «Спартыўная панарама», інтэрнэт-парталу тэлеканалу «Беларусь 5» і выданьня «СБ». Таксама акрэдытацыю атрымалі выданьне «Прессбол» і прэс-служба Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.
16 ліпеня стала вядома, што Белтэлерадыёкампанія, якая знаходзіцца пад санкцыямі, ня будзе паказваць Алімпійскі гульні — ні цырымоній адкрыцьця і закрыцьця, ні спаборніцтваў. Не пакажуць Алімпіяду і на расейска тэлевізіі.
У Гульнях прымуць удзел 17 беларускіх спартоўцаў, яны выступяць у нэўтральным статусе. Больш за палову атлетаў зь беларускім і расейскім пашпартамі, якія адабраліся на Алімпіяду-2024, маюць сувязь з вайсковымі і сілавымі органамі альбо падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне. Пра гэта паведаміла праваабарончая арганізацыя Global Rights Compliance у сваім спавешчаньні.
Паводле слоў прэзыдэнта Global Rights Compliance Уэйна Джордаша, МАК у чэрвені прыняў да ўвагі яго ліст з выказваньнем занепакоенасьці, але ня стаў абмяркоўваць гэтае пытаньне і праігнараваў яшчэ два лісты. Ён сьцьвярджае, што МАК не прымяняе належным чынам устаноўленыя правілы ў дачыненьні спартоўцаў з Расеі і Беларусі.
Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.
Форум