Такую заяву зрабіў 19 ліпеня на паседжаньні штаба кіраўнік улады вобласьці Іван Крупко, паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме.
Ня менш за месяц спатрэбіцца на поўнае аднаўленьне электрасетак у Гомельскай вобласьці, паведамляе прэс-служба мясцовага аблвыканкаму.
Такі прагноз далі спэцыялісты Міністэрства энэргетыкі на пасяджэньні штабу ліквідацыі наступстваў непагадзі пад старшынствам кіраўніка рэгіёну Івана Крупко, піша «Позірк».
«Увесь гэты час у малых населеных пунктах будуць працаваць дызель-генэратары; часовыя станцыі забясьпечаць палівам і паставяць пад ахову», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што аварыйныя брыгады накіравалі ў «населеныя пункты, дзе застаюцца непадключанымі асобныя домаўладаньні». У прыярытэтным парадку электразабесьпячэньне будзе адноўлена па месцы жыхарства сем’яў зь дзецьмі, адзінокіх грамадзян і пэнсіянэраў.
«У выходныя па заяўках зоймуцца падключэньнем дачных дамоў і тых абанэнтаў, якія прыяжджаюць у бацькоўскую хату на час. Да ліквідацыі ўсіх парушэньняў на Гомельшчыне будзе працаваць больш за сто брыгад», — паведамляе прэс-служба.
Намесьнік прэмʼер-міністра Анатоль Сівак, які прысутнічаў на пасяджэньні штабу, даручыў энэргетыкам «зрабіць рэвізію ўсіх пашкоджаных сетак і скласьці пакрокавы графік іх аднаўленьня з указаньнем населеных пунктаў, якія ад іх сілкуюцца».
«Трэба нарошчваць максымальна ўсе сілы, каб у акрэсьленыя тэрміны выканаць пастаўленыя задачы», — сказаў ён.
Аб падачы напружаньня ва ўсе населеныя пункты Гомельскай вобласьці зрабілі справаздачу ў ноч на 19 ліпеня. Міністэрства энэргетыкі прызнае, што «для электразабесьпячэння часткі зь іх выкарыстоўваюцца дызэль-генератарныя ўстаноўкі».
Адзначаецца, што ў рэгіёне, які трапіў пад удар стыхіі 14 ліпеня, адноўлена работа 51 сыстэмаўтваральнай лініі электраперадачы, у тым ліку дзьвюх ліній 330 кВ, 90 сыстэмаўтваральных электрычных падстанцый, больш як 5 тыс. трансфарматарных падстанцыяй.
Падзеньне дрэў у выніку непагадзі 13 і 14 ліпеня пацягнула гібель пяці чалавек: 90-гадовага мужчыны ў Сьветлагорскім раёне, 35-гадовага мужчыны ў Вілейскім раёне, 26-гадовай жанчыны ў Менску, 13-гадовага дзіцяці ў Рэчыцкім раёне, 5-гадовага дзіцяці ў Магілёўскім раёне. Усяго МНС паведаміла аб гібелі шасьці чалавек (двух — 13 ліпеня, чатырох — 14-га).
Форум