У ведамстве паведамілі, што дапамогу выплацяць тым, у каго даход у месяц на аднаго члена сям’і не перавышае 628,10 рубля.
Таксама атрымаць дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны змогуць пацярпелыя ад непагадзі пэнсіянеры, якія не працуюць, і інваліды.
Дзеля атрыманьня дапамогі трэба зьвярнуцца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па месцы жыхарства.
Таксама ў Мінпрацы распавялі, што цяпер сацыяльныя работнікі «ва ўзмоцненым рэжыме наведваюць сваіх падапечных: прывозяць прадукты, ваду, супакойваюць і дапамагаюць з каардынацыяй зь іншымі органамі для вырашэньня пытаньняў, якія ўзьніклі ў сувязі з непагадзьдзю». На сёньня сацыяльныя паслугі дома атрымліваюць больш за 100 тысяч грамадзян, зь іх 24 тысячы — адзінокія, удакладнілі ў прэс-службе Мінпрацы.
МНС працягвае ліквідаваць наступствы непагадзі
16 ліпеня ратавальнікі працягваюць ліквідацыю наступстваў непагадзі, якая абрынулася на краіну 14 ліпеня.
На раніцу 16 чэрвеня ў 700 населеных пунктах Беларусі ўсё яшчэ не было электрычнасьці. Паводле зьвестак ведамства, за ўчора аднавілі электразабесьпячэньне 783 населеных пунктаў краіны.
Найбольш складанае становішча — у Гомельскай вобласьці. Тут шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэваў і пашкодзіў высакавольтныя лініі электраперадач. Для таго каб работнікі Белэнэрга маглі дабрацца да месцаў пашкоджаньняў, ратавальнікі разам зь іншымі спэцыялістамі расчышчаюць завалы і забясьпечваюць асьвятленьне работы аварыйных брыгад уначы.
Ратавальнікі дастаўляюць насельніцтву ваду. У пастаянным рэжыме працуюць генэратары МНС для забесьпячэньня электраэнэргіяй крытычна важных аб’ектаў. У ліквідацыі наступстваў ветру задзейнічалі больш за 100 адзінак тэхнікі і 200 чалавек МНС. Аднаўленчыя працы на прамысловых, сельскагаспадарчых і сацыяльных абʼектах вядуць больш за 30 будаўнічых брыгадаў.
У Менскай вобласьці 15 ліпеня з прычыны навальнічнага фронту з парывамі ветру да 24 м/с у мястэчку Халопенічы Крупскага раёну пашкодзіла шыфэрныя дахі 115 прыватных і 2 шматкватэрных жылых дамоў, 8 абʼектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэньня. Ратавальнікі расьпілавалі і прыбралі 9 дрэваў. Пацярпелых няма.
На 17 ліпеня ў Беларусі абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі.
- Ад непагадзі, якая абрынулася на Беларусь 14 ліпеня, у краіне загінулі пяць чалавек, сярод іх двое дзяцей. Пацярпелі 268 населеных пунктаў, пашкоджаныя дахі 586 дамоў, 7 абʼектаў сацкультбыту і 146 сельскагаспадарчых будынкаў.
- У выніку праходжаньня 14 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 29 м/с электразабесьпячэньне парушалася ў 1960 населеных пунктах краіны.
Форум