Пра гэта з спасылкай на адкрыты ліст у FSC паведаміў «Зялёны партал».
Паводле «Зялёнага парталу», праблема ў тым, што знак сэртыфікацыі FSC адчыняе дзьверы рэжыму Лукашэнкі для гандлю з Эўразьвязам, садзейнічае ўзбагачэньню яго самога і ягонага атачэньня, легалізуе ў Беларусі катаваньні, прымяненьне прымусовай працы; гандлёвыя сеткі ЭЗ атрымліваюць прыбытак ад эксплуатацыі палітвязьняў у Беларусі.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, палітыкі, праваабаронцы і «зялёныя» актывісты з усяго сьвету патрабуюць правесьці незалежнае расьсьледаваньне таго, як сыстэмы FSC дапусьцілі сэртыфікацыю:
- турмаў у Беларусі, зьвязаных з парушэньнямі правоў чалавека;
- лясоў, якія знаходзяцца ва «ўласнасьці» Аляксандра Лукашэнкі;
- дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія закупляюць прадукцыю з гэтых лясоў і турмаў.
Патрабаваньне падпісалі 55 палітычных суб’ектаў і пэрсонаў, сярод якіх — беларускія палітыкі і палітвязьні, чальцы Эўрапейскага парлямэнту, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, іншыя зацікаўленыя бакі з усяго сьвету: Аўстраліі, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Літвы, Нідэрляндаў, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі, ЗША, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швэцыі, Швайцарыі, Эстоніі.
Ад Беларусі патрабаваньне падтрымалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
- экалягічная арганізацыя «Экадом»,
- Грамадзянскі рух Legalize Belarus,
- Асацыяцыя праваахоўнікаў дэмакратычнай Беларусі — BELPOL,
- Павал Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ),
- Андрэй Саньнікаў, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі і былы вязень папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску,
- Былы палітвязень Віталь Жук, які адбываў тэрмін у сэртыфікаванай FSC папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску,
- «Зялёны партал».
Віталь Жук, які адбываў тэрмін у сэртыфікаванай FSC папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску, падкрэсьліў, што «продаж гэтай мэблі падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, які працягвае катаваць як палітычных, так і звычайных вязьняў».
«У беларускіх турмах ужо памерла некалькі палітвязьняў, тыя, хто яшчэ жывы, цярпяць ад авітамінозу і такіх захворваньняў, як цынга. Мы павінны працягваць задаваць пытаньні, паколькі жывем у той час, калі кожны з нас павінен зрабіць выбар: быць саўдзельнікам зла ці захаваць свой гонар і душу», — адзначыў Віталь Жук.
Ліст накіраваны Марку Джэсэлу, дырэктару па сыстэмнай цэласнасьці, і Кіму Карстэнсэну, генэральнаму дырэктару Лясной апякунскай рады (FSC).
- FSC (Forest Stewardship Council) — міжнародная некамэрцыйная арганізацыя, якая займаецца распрацоўкай і прасоўваньнем стандартаў лесакіраваньня.
- Сэртыфікацыя FSC — гэта сыстэма сэртыфікацыі лясоў і лясной прадукцыі, якая гарантуе, што лясная гаспадарка вядзецца экалягічна адказным, сацыяльна арыентаваным і эканамічна ўстойлівым чынам.
- FSC прэтэндуе на лідэрства ў галіне сэртыфікацыі лясной гаспадаркі. Яго лэйбл — які сустракаецца на вырабах ад туалетнай паперы і мэблі да кніг і адзежы — павінен гарантаваць сьвядомым спажыўцам, што сэртыфікаваная ім прадукцыя з драўніны зьяўляецца законнай, этычнай і экалягічна ўстойлівай.
- На працягу многіх гадоў знак FSC наносілі на вырабы з драўніны, якія вырабляюцца ў папраўчых калёніях з дапамогай прымусовай працы, у тым ліку палітычнымі вязьнямі.
У справаздачы праваабаронцаў гаворыцца, што хоць FSC пакінула Беларусь у сакавіку 2022 году зь іншых прычын, яна не прызнала і не ліквідавала свае ранейшыя «правалы» ў гэтай краіне.
У справаздачы Earthsight ад лістапада 2022 году:
- Указана, што найбуйнейшыя эўрапейскія сеткі раздробнага гандлю мэбляй атрымлівалі прыбытак ад эксплюатацыі палітвязьняў у Беларусі.
- Расказана, як гэтыя закупкі служылі асабістаму ўзбагачэньню Аляксандра Лукашэнкі.
- Даказана, што значная доля гэтага гандлю была сэртыфікаваная FSC.
Шматлікія сыгналы трывогі аб стане правоў чалавека ў Беларусі існавалі задоўга да публікацыі гэтай справаздачы. Тым ня менш FSC працягвала дазваляць выкарыстоўваць свой знак у лясах, якія кантралюе Лукашэнка, у турмах і на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах, дзе выраблялі мэблю для міжнародных рынкаў.
У дакладзе Earthsight таксама гаворыцца: лясамі, якія знаходзяцца пад кантролем Лукашэнкі, кіраваў Віктар Шэйман, які з 2004 году знаходзіўся пад санкцыямі ЭЗ.