Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля польскай блякады руху ўлады Беларусі запрасілі Польшчу сумесна вывучыць сытуацыю на мяжы


Закрыты пераход на польска-беларускай мяжы. Архіўнае фота
Закрыты пераход на польска-беларускай мяжы. Архіўнае фота

З заявай выступіў міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, перадае БелТА.

«Нядаўна кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў польскаму боку (і гэтая пазыцыя была даведзена да часовага паверанага ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь): мы гатовы прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва для таго, каб разам паглядзець сытуацыю на мяжы», — заявіў міністар, якога цытуе БелТА.

«Мяч на польскім баку. Мы гатовы да дыялёгу, і прэзыдэнт на гэта настроены», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Пры гэтым Рыжанкоў зазначыў, што «польскаму боку ня вельмі цікавае разьвязаньне гэтага пытаньня».

Свабода зьвярнулася па камэнтар ягонай заявы ў МЗС Польшчы.

Кіраўнік МЗС Беларусі таксама раскрытыкаваў польскія дзеяньні на мяжы:

«Нічога, акрамя вялікіх нязручнасьцяў перавозчыкам, сярод якіх у асноўным толькі польскія перавозчыкі, нічога, акрамя гуманітарных праблем для грамадзян, якія перасякаюць мяжу, гэтыя дзеяньні не прыносяць», — сказаў Рыжанкоў.

Як Польшча замаруджвае рух

9 ліпеня Польшча абмежавала ўезд легкавых аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй. Празь мяжу прапускаюць машыны толькі ў выпадку прысутнасьці іх уладальніка. Гэта зьвязана з новым санкцыйным пакетам ЭЗ. У ім жа прадугледжана і забарона на ўвоз у Эўразьвяз прычэпаў і паўпрычэпаў зь беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку калі іх перамяшчае цягач з эўрапейскай рэгістрацыяй.

Раней стала вядома, што 33 гадзіны доўжылася блякада чыгуначнага руху ў вялікім тэрмінале мытнага афармленьня ў Малашэвічах на мяжы зь Беларусьсю.

Пра спыненьне блякады паведаміла радыёстанцыя RMF FM. Выданьне паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што гэта была дэманстрацыя магчымасьцяў і выразны сыгнал рэжыму Лукашэнкі, што польскія ўлады могуць законна заблякаваць чыгуначны транзыт з усходу ў Эўразьвяз. Гэтую інфармацыю перадалі радыё польскія дыпляматы.

Афіцыйна мытныя службы паведамілі, што праводзіліся плянавыя кантрольныя захады для абароны мытнай тэрыторыі Эўразьвязу ад паступленьня небясьпечных грузаў або рэчываў. Старанна правяралася зьмесьціва кантэйнэраў, якія трапілі ў Польшчу празь Беларусь — у асноўным з Кітаю.

Польскі ўрад вырашыў націснуць на рэжым Лукашэнкі, для якога даходы ад транзыту складаюць вялікую частку даходаў, адзначылі на радыё. У Польшчы разьлічваюць на ціск на Менск з боку Кітаю, які можа прайграць у выпадку блякаваньня тэрміналу ў Малашэвічах. Менавіта адсюль кітайскія тавары трапляюць на Захад па сушы.

Раней польскія ўлады па дыпляматычных каналах заявілі, што патрабуюць ад беларускіх уладаў выдаць мігранта, пасьля нападу якога на мяжы загінуў польскі жаўнер, спыніць мігранцкі ціск на мяжу і вызваліць палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG