Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі ад пажару пацярпеў вядомы гатычны сабор у Руане


Сабор у Руане падчас пажару, 11 ліпеня 2024 году
Сабор у Руане падчас пажару, 11 ліпеня 2024 году

У францускім горадзе Руан у Нармандыі падчас рамонтных работ 11 ліпеня загарэўся шпіль мясцовага гатычнага сабору. Гэта адзін з самых знакамітых сабораў як у Францыі, так і ў сьвеце. Менавіта яго ў 19-м стагодзьдзі некалькі разоў маляваў мастак-імпрэсіяніст Клёд Манэ.

Пажар, які ўспыхнуў у Руанскім саборы ўдзень 11 ліпеня, удалося патушыць празь некалькі гадзін. Узгараньне пачалося на вышыні 120 мэтраў, на шпілі, дзе вяліся рэстаўрацыйныя працы, піша DW са спасылкай на ўлады Руану. Людзей з сабору эвакуавалі, тэрыторыю вакол яго ачапілі. З агнём змагаліся каля 70 чалавек і 40 адзінак тэхнікі.

Першымі агонь заўважылі працоўныя, паведаміў прадстаўнік пажарнай службы. Ён ацаніў рызыку распаўсюджваньня полымя як нізкую, паколькі большасьць элемэнтаў канструкцыі і прадметаў у месцы пажару мэталічныя.

Паведамленьняў аб пацярпелых не паступала. Аб’ём шкоды і прычыну ўзгараньня ўстанаўліваюць. Пакуль няясна, ці пацярпелі драўляныя канструкцыі даху, паведамілі раней у прэфэктуры.

Гатычны каталіцкі сабор у Руане адносіцца да самых вядомых храмаў Францыі. З 1876 па 1880 год сабор быў самым высокім будынкам у сьвеце. Яго ня раз маляваў францускі мастак-імпрэсіяніст Клёд Манэ. Вышыня шпіля Руанскага сабору — 151 мэтар.

У красавіку 2019 году моцны пажар ахапіў адну з славутасьцяў Францыі — сабор Парыскай Маці Божай. У выніку шпіль і часткі даху абрынуліся, унутранае ўбраньне было пашкоджанае. Маштабныя рамонтныя працы занялі некалькі гадоў. Чакаецца, што сабор у Парыжы будзе зноў адкрыты ў сьнежні 2024 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG